Трамп паўстане перад судом у Нью-Ёрку 4 красавіка
25- 31.03.2023, 21:50
- 7,774

На яго не будуць надзяваць кайданкі.
45-ы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, як чакаецца, паўстане перад судом Манхэтэна 4 красавіка. Пра гэта паведамляе тэлеканал CNN са спасылкай на дзве крыніцы ў пятніцу, 31 сакавіка.
Паводле звестак CNN, на выходных Трамп застанецца ў сваім маёнтку ў Мар-а-Лага, а ў панядзелак скіруецца ў Нью-Ёрк. На яго не будуць надзяваць кайданкі, ён будзе акружаны ўзброенымі федэральнымі агентамі для абароны. У Трампа возьмуць адбіткі пальцаў і зробяць фота для асабістай справы.
Раней The Guardian паведамляла, што Трамп хацеў з'явіцца ў судзе ў кайданках.
30 сакавіка суд прысяжных у Нью-Ёрку прагаласаваў за вылучэнне крымінальных абвінавачанняў Трампу. Паводле звестак CNN, яму абвешчаныя абвінавачанні паводле больш як 30 пунктаў, звязаных з фінансавымі і бізнэс-махінацыямі.
У пачатку 2018 года газета The Wall Street Journal паведаміла, што былы юрыст Трампа Майкл Коэн заплаціў $130 тысячаў за маўчанне порнаактрысе Стормі Дэніэлс, з якой у Трампа быў раман. Пагаднення дасягнулі перад прэзідэнцкімі выбарамі 2016 года. Коэна асудзілі да трох гадоў турмы паводле абвінавачання ў шэрагу злачынстваў, у тым ліку ў незаконным марнаванні вылучаных на перадвыбарную кампанію грошай. Частку з іх выплацілі за маўчанне экс-фотамадэлі Карэн Макдугал і экс-порнаакторцы Стэфані Кліфард (Стормі Дэніэлс). Іхнія заявы маглі б скампраметаваць Трампа напярэдадні выбараў.