19 сакавiка 2024, aўторак, 10:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

1000 дзён за кратамі: Мікола Статкевіч і Павал Севярынец – сапраўдныя лідары беларускай апазіцыі

9
1000 дзён за кратамі: Мікола Статкевіч і Павал Севярынец – сапраўдныя лідары беларускай апазіцыі

У Варшаве прайшла акцыя салідарнасці з героямі супраціву.

У Варшаве прайшла акцыя ў падтрымку лідараў беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца. Палітыкі ўжо 1000 дзён знаходзяцца ў лукашэнкаўскіх турмах. Акцыя адбылася ў цэнтры польскай сталіцы, ля помніка Мікалаю Каперніку.

На мітынгу выступілі адзін з лідараў партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Яўген Дудкін, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, праваабаронца цэнтра «Вясна» Зміцер Салавей.

На акцыі гучалі патрабаванні вызваліць усіх беларускіх палітвязняў. Адзначалася, што сёння ў турмах Беларусі знаходзяцца тысячы вязняў сумлення, якія зазнаюць катаванне і бесчалавечнае абыходжанне. Гаварылася аб неабходнасці ўвядзення новых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна адзначыла, што Павел Севярынец і Мікола Статкевіч з'яўляюцца сапраўднымі лідарамі апазіцыі, якія прысвяцілі свае жыццю барацьбе за свабоду беларускага народа. Пры рэжыме Лукашэнкі Мікола Статкевіч знаходзіцца ў турмах ужо 12-ы год, а Павал Севярынец - 10-ы, калі падсумоўваць усе іх турэмныя тэрміны, арышты і «хіміі».

Наталля Радзіна заклікала дыяспары праводзіць акцыі ва ўсіх краінах Еўрапейскага звязу і ЗША, патрабуючы ўзмацніць жорсткасць санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, а таксама выконваць санкцыйны рэжым, уведзены супраць беларускіх уладаў і не дазваляць рэжыму абыходзіць прынятыя супраць яго абмежаванні.

Журналістка адзначыла, што «беларусы не павінны ні на каго спадзявацца, а дзейнічаць самі, таму што ніхто акрамя нас саміх не даб'ецца свабоды для Беларусі».

ГАЛОЎНАЯ РЭДАКТАРКА САЙТА CHARTER97.ORG НАТАЛІЯ РАДЗІНА

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка ўзгадаў пра палітвязняў Яўгена Афнагеля, Максіма Вінярскага, Паліну Шарэнду-Панасюк, Андрэя Войніча, Паўла Юхневіча, Сяргея Казлова — актывістаў «Еўрапейскай Беларусі», якія знаходзяцца ў зняволенні з 2020 года.

Ён зазначыў, што гэтыя людзі разам з Паўлам Севярынцам, Мікалаем Статкевічам і Алесем Бяляцкім з'яўляюцца сапраўднымі лідарамі Беларусі. Таксама палітык заклікаў беларусаў быць гатовымі да вызвалення сваёй краіны ад дыктатуры, адзначыўшы, што «справа вызвалення Беларусі - у руках кожнага яе грамадзяніна».

КАРАДЫНАТАР «ЕЎРАПЕЙСКАЙ БЕЛАРУСІ» ЗМІЦЕР БАНДАРЭНКА

На мітынгу таксама быў прыняты зварот да прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды з заклікам дапамагчы ў вызваленні беларускіх палітвязняў.

Падаем тэкст звароту:

«Паважаны спадар Прэзідэнт!

Мы, беларускія грамадзяне, якія вымушаныя былі пакінуць Беларусь праз палітыку тэрору і палітычныя рэпрэсіі, вельмі ўдзячныя ўладам Польшчы і вам асабіста за тое, што Польшча стала для нас другім домам, у якім мы знаходзімся легальна, маем магчымасць вучыцца і працаваць.

Для нас вельмі каштоўным з'яўляецца і Ваша бачанне будучыні ўзаемадачыненняў паміж Польшчай і Беларуссю - як дзвюх добрасуседскіх незалежных дэмакратычных еўрапейскіх дзяржаў.

Такой будучыні хоча і беларускі народ.

Але мы, беларусы, даўно пазбаўленыя права выбіраць уладу, што ў чарговы раз было бачна ўсяму свету ў 2020-м годзе.

А нелегітымная і незаконная ўлада ў Беларусі робіць выклік еўрапейскім каштоўнасцям, кідаючы ў турмы тысячы палітвязняў, забіваючы, масава збіваючы і катуючы сваіх палітычных апанентаў. Так званыя ўлады не саромеюцца абвяшчаць сваёй мэтай знішчэнне грамадзянскай супольнасці, падкрэсліваючы, што ўладам у Беларусі - «не да законаў», што яны, улады, служаць імперскай Расеі.

Практычна ў Беларусь вярнулі сталінскія часы, што падкрэслівае кожны факт тэрору і палітычных рэпрэсій, у тым ліку — і нядаўнія незаконныя прысуды, калі аднаму з лідараў Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту карнікі прызначылі 8 гадоў турмы, а Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага заўчора прысудзілі да 10 гадоў зняволення.

Для нас абсалютна відавочна, што гэтыя небывалыя для Еўропы рэпрэсіі ў Беларусі ў 2020 годзе закладаліся дзеля зачысткі нашай краіны напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання войскаў РФ ва Украіну і працягваюцца зараз праз падтрымку імперскай Масквой незаконнага рэжыму, які захапіў уладу ў Беларусі.

Мы, удзельнікі варшаўскай акцыі салідарнасці з лідарамі апазіцыі Мікалаем Статкевічам і Паўлам Севярынцам, звяртаемся да вас, спадар Прэзідэнт, з просьбай ініцыяваць складанне спісу беларускіх палітвязняў, якія павіны быць вызваленыя ў першую чаргу. Адмова афіцыйнага Менска вызваліць гэтых палітвязняў павінна прывесці да жорсткіх санкцый супраць банды, якая дагэтуль кантралюе Беларусь і пры гэтым мае дастаткова шырокія гандлёвыя дачыненні як з краінамі Еўразвязу, так і з краінамі-партнёрамі Еўразвязу.

На наш погляд, гэты спіс павінен пачынацца з лідараў беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, якія ў сваёй палітычнай і грамадскай дзейнасці заўсёды кіраваліся інтарэсамі беларускага народа, падтрымлівалі дэмакратычныя еўрапейскія каштоўнасці і супрацьстаялі беззаконню беларускага рэжыму і імперскай палітыцы Крамля.

Гэта: Алесь Бяляцкі, Анджэй Пачобут, Мікола Статкевіч, Павел Севярынец, Рыгор Кастусёў, Мікалай Казлоў, Яўген Афнагель, Генадзь Драздоў, Максім Вінярскі, Генадзь Фядыніч.

Акрамя таго, у гэтым спісе абавязкова павінны быць усе жанчыны-палітвязні, асабліва ўлічваючы той гераізм, які дэманстравалі і дэманструюць за кратамі Анжаліка Борыс, Паліна Шарэнда-Панасюк, ды і практычна ўсе беларускія палітвязні-жанчыны. (паводле інфармацыі Dissidentby - 192 чалавекі), усе журналісты (па інфармацыі БАЖ — 32 чалавекі) , усе беларускія праваабаронцы (паводле інфармацыі «Вясны» – 12 чалавек), усе дзеячы культуры (паводле інфармацыі «Вясны» – 108 чалавек), усе пенсіянеры (паводле інфармацыі «Вясны» – 25 чалавек), палітвязні з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі (паводле інфармацыі «Вясны» – 74 чалавекі), усе непаўналетнія (паводле інфармацыі Dissidentby – 6 чалавек)

Мы вельмі просім Вас, шаноўны спадар Прэзідэнт, звярнуць увагу на тое, што мы патрабуем вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў.

Але складанне спісу тых, хто мусіць быць вызвалены тэрмінова, дазволіць не толькі запусціць працэс прыпынення палітычнага тэрору ў Беларусі, але і нейтралізаваць адвакатаў беларускага і расейскага рэжымаў, якія на Захадзе дастаткова паспяхова блакавалі і блакуюць увядзенне санкцый менавіта за тэрор і палітычныя рэпрэсіі супраць беларусаў», - гаворыцца ў звароце.

ЯЎГЕН ДУДКІН
ПРАВААБАРОНЧЫК ЦЭНТРА «ВЯСНА» ЗМІЦЕР САЛАЎЁЎ
ГАЛОЎНАЯ РЭДАКТАР САЙТА CHARTER97.ORG НАТАЛІЯ РАДЗІНА
ВЯЧАСЛАЎ СІЎЧЫК
Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках