Вадзім Кабанчук: Беларусам трэба рыхтавацца да рашучых падзей, якія надыдуць неўзабаве
22- 6.03.2023, 17:55
- 30,098
Усё завязана на перамозе Украіны ў вайне супраць Расеі.
У Беларусі колькасць палітычных зняволеных з кожным днём расце. Што могуць зрабіць беларусы ў такіх варунках? Тэлеграм-канал «Баста!» задаў гэтае пытанне беларускім ахвотнікам, якія цяпер са зброяй у руках сталі на абарону Украіны, а разам з ёй і будучыні Беларусі.
Намеснік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук: Усё завязана на перамозе Украіны ў вайне супраць Расеі
- Я б раіў тым людзям, якія актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах у 2020-2021 годзе, шукаць магчымасць эміграваць з краіны, бо сістэма прыняла курс на тое, каб максімальна рэпрэсаваць усіх. Тым самым мы ствараем перадумовы для найхутчэйшага вызвалення Беларусі. У эміграцыі назапашваецца кумулятыўнае ядро, якое пазней будзе рухавіком перамен у Беларусі.
У найноўшай гісторыі Беларусі яшчэ не было такой вялікай палітычнай эміграцыі, і гэтая палітычная эміграцыя дала штуршок і аснову для беларускіх ахвотнікаў. Полк Каліноўскага стаў такім шматлікім падраздзяленнем менавіта праз чыннік 2020-2021 года.
Тыя людзі, якія маюць магчымасць знаходзіцца ў Беларусі параўнальна бяспечна, трэба рыхтавацца да рашучых падзей, якія надыдуць неўзабаве. А менавіта - вызваленне Беларусі ад дыктатуры Лукашэнкі. Усё завязана на перамозе Украіны ў вайне супраць Расеі.
Хто мае магчымасць - рыхтаваць матэрыяльна-тэхнічную базу, але не трэба гаварыць аб сваіх планах і збірацца ў нейкія групы больш за тры чалавекі. Нельга забываць пра бяспеку.
19-гадовы экс-ахвотнік Глеб Гунько: «Няхай кожны робіць тое, на што здольны»
«Трэба рабіць усё, грунтуючыся на сваіх магчымасцях. Не кожны мае сілы змагацца. Не кожны здольны на змаганне. Але паводле апошніх навін з Беларусі відаць, што барацьба працягваецца. Няхай кожны робіць тое, на што здольны».
Яўген (Салам) Жураўскі: «Калі за налепкі ды падпал даюць амаль аднолькавыя тэрміны, то трэба абраць тое, што лепш гарыць»
- На мой погляд, адзіны выхад у сучаснай Беларусі - гэта ўнутраная міграцыя, адыход у лес «паводле Юнгера». То бок, аніяк не паказваць, што ты супраць сістэмы. Але гэта не мае перашкаджаць самастойна весці падрыхтоўку да наступнай мабілізацыі і сацыяльнага выбуху, як гэта было ў 2020 годзе. Гэта могуць быць заняткі спортам, нейкія трэнінгі ў цірах, што ў сучасных рэаліях можа быць небяспечна, і гэтак далей.
Калі Вы адчуваеце патрэбу ў аб'яднанні з кімсьці, то рабіце гэта толькі з добра знаёмымі людзьмі, да якіх ёсць 100% давер. Толькі «афініці-групы» могуць быць цяпер бяспечнымі. І ніяк і нікому не апавядайце пра гэту групу. Памятаеце, як было ў «Байцоўскім клубе»: «Першае правіла байцоўскага клуба - нікому не апавядаць пра клуб».
Калі ўсё ж такі Вы не можаце сядзець і чакаць, то 10 разоў абдумайце кожны крок будучай акцыі. Не забывайцеся пра інфармацыйную бяспеку і памятайце, калі за налепкі ды падпал даюць амаль аднолькавыя тэрміны, то трэба абраць тое, што лепш гарыць.