14 траўня 2024, aўторак, 11:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўтар стратэгіі ЗША на вайне з Іракам патлумачыў, як Украіне перамагчы Расею

4
Аўтар стратэгіі ЗША на вайне з Іракам патлумачыў, як Украіне перамагчы Расею
Джэк Кін

І што для гэтага патрэбна.

Чатырохзоркавы генерал у адстаўцы Джэк Кін ведае, як перамагаць у войнах. Былы намеснік начальніка штаба Арміі ЗША быў аўтарам стратэгіі, якая вызначыла хаду вайны ў Іраку ў 2007 годзе.

Генерал Кін перакананы, што перамога Украіны ў вайне з Расіяй цалкам дасягальная. І пад словам "перамога" ён мае на ўвазе, што расейскія войскі маюць пакінуць усе незаконна акупаваныя тэрыторыі, у тым ліку Крым.

Журналісты Washington Post спыталі Кіна, як Кіеў мог бы дамагчыся гэтага выніку. Ён растлумачыў, што войска Расеі не здольнае праводзіць атакі аб'яднаных сіл, гэта значыць, манеўры, якія аб'ядноўваюць магчымасці артылерыі, пяхоты і ВПС. Акрамя таго, элементы звычайных наземных сіл РФ альбо зазналі вялікія страты, альбо былі "літаральна разбітыя". Амэрыканскі генерал нагадаў, як украінскае войска выкарыстоўвае сістэмы HіMARS. Гэта дазволіла хоць і не цалкам знішчыць, але знясіліць расейскія сілы.

«Такім чынам, мы ацанілі, што хоць расейцы і дамогуцца пэўных тактычных поспехаў, за лічаныя тыдні іх наступ дасягне кульмінацыі. Гэта дазволіць украінцам пачаць сваю наступальную аперацыю, якая пачнецца прыкладна ў траўні-чэрвені. Яны хацелі б, каб гэта адбылося некалькі тыдняў таму. Але гэта немагчыма, бо ім патрэбныя танкі, яны не маюць дастатковай колькасці панцырных машын. Ім не стае мабільнасці, каб гэта зрабіць. Але расейцы занадта ўразлівыя, каб скарыстацца гэтым», - растлумачыў генерал Кін.

Ён дадаў, што калі Украіна зможа захаваць свае наступальныя намаганні, а хаўруснікі на часе дадуць ёй неабходнае ўзбраенне, то яе сілы змогуць прабіць расейскую абарону ў Запарожскай вобласці, вызваліць Мелітопаль і дайсці да ўзбярэжжа на поўдні.

«Але важнейшае тое, што яны могуць разарваць асноўны маршрут забеспячэння паміж усходам і поўднем, гэта значыць, наземны калідор у Крым. А затым яны могуць выкарыстоўваць далёкія ракеты, каб разбіць расейскія вайсковыя базы ў Крыме і склады, якія забяспечваюць сур'ёзную падтрымку расейскім войскам. А потым, урэшце, украінцы могуць пачаць наземны манеўр аб'яднаных сіл, каб зайсці ў Крым», - дадаў амэрыканскі вайсковец.

Ён выказаў спадзяванне, што да таго часу Украіна ўжо атрымае некалькі важных сістэм узбраення ад хаўруснікаў. Напрыклад, ракеты ATACMS з радыюсам дзеяння да 300 кіламэтраў, а таксама знішчальнікі F-16. З такімі магчымасцямі, на думку Кіна, украінскае войска будзе здольнае вярнуць сабе ўсю тэрыторыю яшчэ да другой гадавіны вайны.

Журналісты Washington Post нагадалі амэрыканскаму генералу аб сцвярджэнні крытыкаў, якія адзначаюць, што ЗША выдаткоўваюць занадта шмат на дапамогу Украіне. Генерал Кін пагадзіўся, што 100 мільярдаў даляраў - гэта нелапая сума.

«Але гэта дробная частка бюджэту на прыкладна 6 трыльёнаў даляраў. І мы атрымліваем неблагую рэнтабельнасць ад гэтых інвестыцый, ад спынення расейскай агрэсіі. Калі мы зможам дамагчыся поспеху ў гэтым, гэта літаральна прымусіць лідэра Кітая Сі Цзіньпіна падумаць двойчы, перш чым ісці супраць Тайваня. Калі ён бачыць, што амэрыканская геапалітычная пазіцыя падтрымліваецца хаўруснікамі, гэта дасылае магутны сігнал. Думаю, Іран яго таксама атрымае», - патлумачыў амэрыканскі вайсковец.

На пытанне, што будзе, калі Кітай стане пастаўляць зброю Расеі, ён адказаў: «Я быў прыемна ўражаны Еўразвязам, які таксама ўзняўся і сказаў, што супраць гэтага, і што «гэта будзе чырвонай лініяй для нас». Думаю, калі Кітай дасць смяротную дапамогу, гэта значна шчыльней згуртуе ЗША і Еўропу ў супрацьстаянні Кітаю».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках