27 лiпеня 2024, Субота, 14:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка зрабіў вельмі сур'ёзны пракол

31
Лукашэнка зрабіў вельмі сур'ёзны пракол

Cаўгасная «геапалітыка» пацвярджае словазлучэнне «прастата тая ж дурата».

Самазваны кіраўнік Лукашэнка пацвердзіў, што сам папрасіў Пуціна «вярнуць у Беларусь ядзерную зброю». Гэта было пафасна заяўлена падчас паслання «парламенту і народу».

Навошта яму ядзерная зброя, якую не зможа скарыстаць? Ці магчымы ядзерны ўдар з тэрыторыі Беларусі па Польшчы і Літве? І ў чым заключаецца «ўкраінскі план» Менска?

«Вольныя навіны» пагутарылі з дырэктарам Інстытута сусветнай палітыкі Яўгенам Магдам (Кіеў, Украіна).

– Падчас паслання прагучала: Пуціна папрасілі «вярнуць у Беларусь ядзерную зброю» для таго, каб «забяспечыць мір беларускаму народу»…

– Перш чым адказваць на пытанне, навошта Менску ядзерная зброя, я хацеў бы нагадаць: Лукашэнка не прызнаны «прэзідэнтам» Беларусі большасцю еўрапейскіх дзяржаваў. Напрыклад, з суседзяў яго палітычна прызнае толькі Расея. Яшчэ Арменія, Азербайджан, Кітай – нельга гаварыць пра поўную ізаляцыю, не. Але чыннік ядзернай зброі дапамагае адчуць уласную значнасць, сказаць, што ён разам з Расеяй кантралюе ядзерную зброю.

Аднак гэта ілюзія. Насамрэч размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі нясе пагрозу перш за ўсё беларусам, таму што альбо ўдар у адказ, альбо прэвентыўны (не абавязкова раўнацэннымі ракетамі) будзе наносіцца менавіта па тэрыторыі краіны. І ў гэтым кантэксце я хацеў бы нагадаць, як яе кіраўнік носіцца з гісторыяй краіны і крычыць, што страты ў Другой сусветнай вайне вялізныя. Гэта праўда, яны былі вялізнымі – як і страты Украіны, як і страты Польшчы. Але ёсць іншае пытанне: калі сёння Беларусь – фармальна незалежная дзяржава, то навошта тады падстаўляць мільёны грамадзянаў пад перспектыву ўдару ў адказ NATO? Тут у наяўнасці вельмі небяспечная авантура.

– Як ядзерная зброя зменіць статус Беларусі і становішча самога Лукашэнкі?

– Я думаю, што гэтае пытанне прадуманае ўжо даўно. І Расея фактычна ажыццявіла ядзерны аншлюс краіны. Парадокс: Лукашэнка, які з канца 90-х гадоў казаў пра тое, што хоча ствараць «саюзную дзяржаву» Беларусі і Расеі, потым быў адсунуты Пуціным, але цяпер Пуцін проста выкарыстаў яго ў сваіх інтарэсах. Я думаю, гэта толькі пачатак, далёка не фінал палітычных практыкаванняў. Кіраўнік вельмі ўразлівы: ён паказаў усяму свету, што з ім няма сэнсу размаўляць, ёсць сэнс размаўляць пра Беларусь з іншымі палітычнымі гульцамі. І гэта вельмі сур'ёзны пракол: і без таго Менск не зіхацеў суб'ектнасцю, а цяпер атрымаў вельмі шмат праблемаў.

– Гісторык Юры Фяльшцінскі мяркуе, што Пуцін з мінулага сакавіка рыхтуе ядзерную атаку на Усходнюю Еўропу і мае намер яе ажыццявіць з тэрыторыі Беларусі. Наколькі рэалістычным вам уяўляецца гэты сцэнар?

Ва Украіне ўжо пераканаліся ў тым, што Пуцін залімітава небяспечны, ён можа сапраўды паднімаць стаўкі. Сярод іншага, паспрабаваць нанесці тактычны ядзерны ўдар з тэрыторыі Беларусі, але расейскай ядзернай зброяй. Я не выключаў бы, што ў такім выпадку будзе запушчаная прапагандысцкая кампанія: маўляў, ядзерная зброя перададзеная пад кантроль Менска – літаральна перад самым ударам. І калі гэта адбудзецца, краіна будзе проста выкінутая з сістэмы міжнародных стасункаў. Калі сёння Беларусь застаецца чальцом АБСЕ, чальцом ААН, то ў выпадку ядзернага ўдару з яе тэрыторыі мне складана ўявіць, што Беларусь не атрымае ўдар у адказ ад сваіх суседзяў.

А ёсць яшчэ адно пытанне пра тое, што спадар Фяльшцінскі прапануе прэвентыўны захоп Беларусі з скіданнем улады. На жаль, мне не вядомыя выпадкі правядзення падобных аперацый, тым больш пасля Другой сусветнай вайны, тым больш у кантэксце наяўнасці ядзернай зброі ці будучых месцаў для яе захоўвання.

– Ці змянілася пазіцыя Лукашэнкі ў дачыненні да Украіны, да вайны?

– У дачыненні да расейска-ўкраінскай вайны пазіцыя Лукашэнкі абсалютна гнуткая: ён транслюе тое, што яму дыктуе Крэмль. І калі Лукашэнка гаворыць, што неабходныя перамовы і спыненне агню проста цяпер, гэта, уласна кажучы, расейскі мэсэдж; як такі самы расейскі мэсэдж агучыў Віктар Орбан, яшчэ адзін прарасейскі палітык, што ўжо практычна дасягнутыя дамоўленасці пра ўвядзенне міратворцаў ЕЗ ва Украіну. Але праблема ў тым, што без пастановы ААН такая пазіцыя выглядае вельмі слабай, а меркаваць, што Расея і Кітай у гэтым пытанні будуць дзейнічаць не так, як неабходна Расеі ў Радзе бяспекі ААН, вельмі складана.

Лукашэнка раскрытыкаваў магчымы контрнаступ Украіны, маўляў, ён паставіць крыж на спробах перамоваў. Прабачце, а год таму, калі вызвалілі ад расейскіх акупантаў Бучу і знайшлі там пахаванні забітых мірных грамадзянаў, тады трэба было весці перамовы, праўда? Я нагадаю, што ў першы месяц пасля маштабнага расейскага ўварвання ўкраінскія і расейскія прадстаўнікі праводзілі палітычныя кансультацыі на тэрыторыі Беларусі. І відавочна, што ў Менску сёння спрабуюць на гэтым згуляць.

Але, разумееце, гэтая саўгасная геапалітыка вельмі ўпісваецца ў словазлучэнне «прастата тая ж дурата». А я сказаў бы, што прастата горшая за гандаль уласнымі суграмадзянамі. А сёння імі гандлююць, прычым не мёртвымі душамі, а гандлююць жыццямі мільёнаў беларускіх грамадзянаў.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках