27 красавiка 2024, Субота, 1:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі шалее эпідэмія туберкулёзу

10
У Беларусі шалее эпідэмія туберкулёзу

У чым прычына рэзкага росту колькасці хворых?

Колькасць выяўленых у Беларусі ў 2022 годзе выпадкаў туберкулёзу на 12,4% вышэйшая, чым у 2021-м. Лекары звязваюць гэта з пандэміяй кавіду і з жахлівымі ўмовамі ў беларускіх турмах, паведамляе nashaniva.com.

Рост туберкулёзу ў 2021 годзе ўпершыню зафіксавалі ва ўсім свеце. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі здароўя (САЗ), колькасць выпадкаў гэтай хваробы вырасла на 3–6%. У Беларусі тэмпы росту яшчэ вышэйшыя.

На прэс-канферэнцыі ў барацьбе з туберкулёзам, дзе выступалі галоўны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя Генадзь Гурэвіч і прадстаўнік САЗ у Беларусі, было заяўлена пра рост колькасці выяўленых выпадкаў на 12%.

Пры гэтым каардынатарка Фонду медыцынскай салідарнасці Лідзія Тарасенка мяркуе, што да афіцыйных беларускіх звестак трэба ставіцца з асцярожнасцю: «На жаль, мы бачым, што людзі, якія знаходзяцца цяпер ва ўладзе, не цураюцца ніякай хлусні: узгадайце кавід і звесткі пра дзевяць памерлых, якія нам давалі кожны дзень цягам некалькіх месяцаў. Ёсць прыклады магчымых маніпуляцый са статыстыкай у анкалогіі. Гэтыя людзі нікуды не сышлі, яны засталіся ва ўладзе. Таму якія ў нас падставы давяраць таму, што яны кажуць цяпер?»

Сухоты як інфекцыя распаўсюджаныя ў любой папуляцыі. Чалавек можа ўсё жыццё быць ім інфекаваны, але большасць не хварэе. Гэта эфект таго, што мы ў дзяцінстве атрымліваем вакцынацыю БЦЖ. Калі ж хвароба ўсё ж пачынаецца, часта яе вельмі складана заўважыць, гэта не апендыцыт.

Ці вінаваты ў сумнай статыстыцы кавід? САЗ мяркуе, што так.

Лідзія Тарасенка згаджаецца, што ён мог з'яўляцца адным з чыннікаў росту: «Пандэмія паўплывала на выяўленне хваробаў, у тым ліку туберкулёз і анкалогію. Падчас яе людзі менш звярталіся да лекараў, у выніку іх менш правяралі і радзей выяўлялі хваробу. Плюс вырасла нагрузка на ахову здароўя, у тым ліку тыя ж апараты рэнтгену і КТ. Нястача грошай і рэсурсаў паўплывала на тое, што падчас пандэміі выявілі менш выпадкаў туберкулёзу, але гэта не значыць, што менш людзей захварэла. Адпаведна ў наступныя гады ў тых, у каго не выявілі хваробу раней і хто перажыў пандэмію, знойдуць сухоты і праз гэта вырасце колькасць выпадкаў у гады пасля кавіду».

Як паказваюць навуковыя звесткі, туберкулёз і кавід звязаныя не толькі ўскосна, але і наўпрост. Абедзве хваробы перадаюцца паветрана-кропельным шляхам. Калі чалавек інфекаваны ўзбуджальнікам туберкулёзу, але не захварэў, кавід можа актываваць «прыснулую» бактэрыю і хвароба пяройдзе ў актыўную фазу.

Лідзія Тарасенка звяртае ўвагу на тое, што Беларусь – адна з тэрыторый з самым вялікім лікам туберкулёзу.

Адзін з чыннікаў рызыкі ў сухотах – гэта турэмнае зняволенне, бо яно звязанае ў тым ліку са зніжэннем імунітэту ў зняволеных, стрэсам, дрэнным харчаваннем, распаўсюджанасцю ВІЧ і цеснатой. Тарасенка звяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі найбольшая колькасць зняволеных на душу насельніцтва ў Еўропе, і гэтыя людзі ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах, гэта не тое самае, што еўрапейская турма.

Так, на туберкулёз у зняволенні захварэў 34-гадовы палітвязень Павал Вінаградаў. У ліпені летась яго перавялі ў Аршанскую папраўчую калонію № 12, вядомую тым, што там утрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму туберкулёзу. У лютым стала вядома, што Павал вылечыўся, яго перавялі назад у калонію ў Ваўкавыск.

Тое, што ў краіне столькі зняволеных, можа і само сабой спрыяць росту колькасці захворванняў. Калі хворыя людзі выходзяць з турмы, яны становяцца крыніцай інфекавання, а сухоты – заразная хвароба, якую можна падхапіць нават у аўтобусе.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках