Сож, Прыпяць і Заходняя Дзвіна выйшлі з берагоў і затапілі беларускія гарады
5- 1.04.2023, 13:13
- 10,656

У Віцебску вада раздзяліла парк на дзве часткі.
У Гомелі ў выніку ўздыму ўзроўню вады ў рацэ Сож былі падтопленыя 24 прыватныя падворкі і адрэзак дарогі. Паводка дабралася і да іншых раёнаў Гомельскай вобласці. А вось у Віцебску вялікая вада падзяліла мясцовы парк на дзве часткі.
Як паведамляе МНС, у Гомелі праз пад'ём узроўню вады ў рацэ Сож былі падтопленыя 24 прыватныя падворкі, 3 гаспадарчыя пабудовы і адрэзак дарогі даўжынёю 6 метраў, а таксама 6 прыватных падворкаў і 4 гаспадарчыя пабудовы ў Чачэрску Гомельскай вобласці.

Таксама ратавальнікам паступалі паведамленні пра падтапленні талымі водамі 6 прыватных падворкаў, 3 гаспадарчых пабудоваў і адрэзку аўтамабільнай дарогі даўжынёю 10 метраў у Калінкавіцкім, Кармянскім, Мазырскім і Рагачоўскім раёнах Гомельскай вобласці.
Вада паднялася і ў рацэ Заходняя Дзвіна. Падтоплены адзін прыватны падворак і дзве гаспадарчыя пабудовы ў Верхнядзвінску Віцебскай вобласці

А вось у Віцебску вялікая вада падзяліла парк 40-годдзя ВЛКСМ ці парк Віцьбы на дзве часткі.
Як паведамляе выданне vitebsk.biz, падтопленыя дарога, спартовая пляцоўка, зона для гульні ў пляжны футбол. Цяпер над вадой відаць толькі шыльдачкі.