Экспэрт: Сі Цзіньпін бачыць глабальную слабасць Пуціна
1- 1.04.2023, 16:23
- 5,180

Як Кітай расцэньвае размовы гаспадара Крамля аб выкарыстанні ядзернай зброі супраць Украіны.
Старшыня КНР Сі Цзіньпін не дазволіць прэзідэнту Расеі Пуціну выкарыстоўваць ядзерную зброю ва Украіне. Такое меркаванне «Гордону» выказаў выканаўчы дырэктар Украінскага інстытута будучыні і дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Вадзім Дзенісенка.
- Ні ў якім разе [не дазволіць]. Для яго гэта адзін з ключавых балючых момантаў увогуле. Нездарма летам на саміце «Вялікай сямёркі» была супольная заява Сі Цзіньпіна і прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. Адзінае, да чаго агульнага яны прыйшлі, - што нельга выкарыстоўваць ядзерную зброю, - нагадаў Дзенісенка.
Дарадца кіраўніка МУС Украіны распавёў, што яшчэ летам 2022 года высветліў у размовах са сваімі інфармаванымі крыніцамі: у Кітаі пагрозы Расеі ў дачыненні да Украіны ядзернай зброяй ужо былі расцэненыя як глабальная слабасць.
- Гэта значыць, яны зразумелі, што краіна такога ўзроўню, як Расея, не маючы магчымасці перамагчы ў канвенцыйнай вайне, пагражае такой краіне, як Украіна, якую ўважалі для Расеі проста кропкай на мапе, кажа толькі аб велізарнай слабасці - адміністрацыйнай і вайсковай, Расейскай Федэрацыі , - распавёў Дзенісенка.
Ён перакананы, што для Сі Цзіньпіна выкарыстанне РФ ядзернай зброі - гэта імклівая змена ўсіх фактараў бяспекі ў свеце, у чым кітайскі лідар не зацікаўлены.
- Яму не трэба гэта цяпер, нягледзячы на тое, што ён рухаецца павольнымі крокамі, як заўсёды Кітай робіць, нягледзячы на тое, што ён рухаецца да біпалярнага свету і гэтак далей, але яму сапраўды на гэтым этапе не трэба мяняць фактар бяспекі. Таму што джына нельга выпускаць з бутэлькі, і ён гэта выдатна разумее, - падсумаваў Дзенісенка.