Літва патрабуе спыніць працу Беларускай АЭС
4- 29.05.2023, 18:43
- 6,522

Вільня накіравала лісты ў шэраг устаноў.
Літоўская дзяржаўная інспекцыя ў бяспецы атамнай энэргетыкі паведаміла, што ў мінулы чацвер накіравала ліст у Міністэрства надзвычайных сітуацый Беларусі з заклікам спыніць эксплуатацыю і пуск 1 і 2 энэргаблокаў Беларускай АЭС у Астраўцы.
Пра гэта паведамляе партал Delfi.
«Большасць пытанняў гарантавання ядзернай бяспекі дагэтуль не развязаныя. Інспекцыя нагадала, што ўсё яшчэ чакае адказаў на пастаўленыя пытанні бяспекі, звязаныя з выбарам і ацэнкай пляцоўкі, устойлівасцю пэўнага крытычнага для бяспекі абсталявання Беларускай АЭС да сейсмічных з'яў і наступстваў авіякатастрофы вялікага камерцыйнага самалёта, выкананнем рэкамендацый па стрэс-тэстах, імавернаснай ацэнкай бяспекі пажарнай рызыкі і іншымі пытаннямі бяспекі», - гаворыцца ў паведамленні.
Літоўская дзяржінспекцыя просіць беларускія органы растлумачыць апублікаваную інфармацыю аб тым, што контур ахаладжэння рэактара 2-га энэргаблока станцыі быў забруджаны арганічнымі рэчывамі, а другаснага цыркуляцыйнага контуру 1-га энэргаблока - радыенуклідамі. Інспекцыя таксама запытвае тлумачэнні наконт недахопаў мацавання корпуса рэактара, а таксама наконт выяўленых дэфектаў і нескончаных работ.
«Мэта - атрымаць ад Беларусі інфармацыю аб устаноўленых гранічных значэннях актыўнасці радыенуклідаў, якія выкідваюцца ў навакольнае асяроддзе. Інспекцыя таксама заклікае МНС і іншыя адказныя ўстановы Беларусі апублікаваць рэкамендацыі, выстаўленыя падчас міжнародных экспертных місій, і вынікі іх выканання, падаць дадатковую інфармацыю, неабходную для больш дакладнага прагназавання магчымых аварыйных выкідаў», - гаворыцца ў паведамленні.
Копіі ліста былі накіраваныя ў Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ), Еўрапейскую камісію, Еўрапейскую групу па наглядзе ў сферы ядзернай бяспекі (ENSREG) і Асацыяцыю заходнееўрапейскіх органаў рэгулявання ядзернай бяспекі (WENRA).
Згодна з праграмай паэтапнага энэргазапуску, 13 траўня да сеткі ўпершыню падключылі другі энэргаблок Беларускай АЭС (у Астраўцы) - ён даставіў у аб'яднаную энэргасістэму краіны першыя кілават-гадзіны электраэнэргіі.
У 2017 годзе літоўскі сейм заканадаўча замацаваў, што Беларуская АЭС з'яўляецца небяспечнай і ўяўляе пагрозу для нацыянальнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і здароўя людзей.
Тры краіны Балтыі, Літва, Латвія і Эстонія дамовіліся байкатаваць электраэнэргію з БелАЭС.