6 траўня 2024, панядзелак, 0:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькасць новых грамадзянаў Нямеччыны дасягнула 20-гадовага максімуму

Колькасць новых грамадзянаў Нямеччыны дасягнула 20-гадовага максімуму

Дзякуючы натуралізацыі сірыйцаў.

Летась у Нямеччыне на 28% вырасла колькасць людзей, якія атрымалі яе грамадзянства, прычым выхадцы з Сірыі складалі больш за чвэрць натуралізаваных.

Пра гэта паведамляе AP.

Паводле папярэдніх звестак, у 2022 годзе нямецкае грамадзянства атрымалі блізу 168 500 чалавек, паведаміла Федэральная статыстычная ўправа. Гэта самы высокі паказнік з 2002 года.

З іх 48 300 – ці 29% – былі грамадзянамі Сірыі. Гэта больш чым удвая перавышае паказнік папярэдняга года і ў сем разоў больш, чым у 2020 годзе, паколькі ўсё больш людзей, якія мігравалі ў Нямеччыну ў перыяд паміж 2014 і 2016 гадамі, адпавядаюць патрабаванням для атрымання грамадзянства.

Сярод іх – веданне нямецкай мовы на працоўным узроўні і доказы таго, што яны могуць забяспечыць сябе фінансава.

У прынцыпе існуе патрабаванне, што людзі павінны пражыць у Нямеччыне не менш за восем гадоў, хоць гэта не тычыцца сужэнцаў і дзяцей. Гэтае патрабаванне можа быць скарочанае да шасці гадоў для людзей, якія дэманструюць «асаблівыя інтэграцыйныя дасягненні», такія як вельмі добрае веданне мовы, прафесійныя дасягненні ці грамадзянская актыўнасць. Летась было 23 100 такіх «датэрміновых» натуралізацый, што амаль удвая больш, чым у 2021 годзе, і 60% з іх – сірыйцы.

Грамадзяне Турцыі былі другой у колькасці групай людзей, якія атрымалі нямецкае грамадзянства летась – 14 200 чалавек, што на 16% больш, чым у 2021 годзе.

Статыстычная ўстанова паведаміла, што 5600 украінцаў атрымалі нямецкае грамадзянства летась, што амаль утрая больш, чым у папярэднім годзе. Яны правялі ў Нямеччыне ў сярэднім 13,3 года, у параўнанні з 6,4 года для іх сірыйскіх калег.

Сацыял-ліберальны ўрад Нямеччыны плануе змякчыць правілы атрымання грамадзянства, скараціўшы да пяці гадоў з васьмі колькасць гадоў, якія людзі павінны пражыць у краіне перад атрыманнем нямецкага пашпарта. Людзі з «асаблівымі інтэграцыйнымі дасягненнямі» будуць мець права на атрыманне грамадзянства праз тры гады.

Урад таксама плануе скасаваць абмежаванні на падвойнае грамадзянства. Цяпер большасць людзей з краінаў, якія не з'яўляюцца чальцамі Еўрапейскага Звязу і Швэйцарыі, павінны адмовіцца ад свайго папярэдняга грамадзянства, калі яны атрымліваюць нямецкі пашпарт.

Кансерватыўныя і ўльтраправыя апазіцыйныя партыі выступілі супраць гэтых планаў. Пакуль не зразумела, калі парламент разгледзіць іх.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках