Politico: Украінскія механізаваныя брыгады падвоілі тэмпы наступу
11- 10.06.2023, 13:03
- 40,102
Контрнаступ УСУ набірае звароты.
Украінскі контрнаступ набірае звароты, але расейцы дэманструюць жорсткі супраціў.
Як паведамляе Politico, украінскія механізаваныя брыгады падвойваюць наступы на Бахмуцкім і Запарожскім кірунках, «але, падобна, сутыкаюцца з моцным супрацівам Расеі».
Выданне адзначае, што ўкраінцы прасунуліся да 1600 метраў вакол Бахмута. Гэта прызналі і расейскія «ваенкары», звязаныя з Мінабароны РФ. Верхавод «Вагнера» Яўген Прыгожын у пачатку гэтага тыдня паскардзіўся на адступленне расейскіх войскаў у Бахмуце, назваўшы гэта «ганьбай».
Зрэшты, на Запарожскай кірунку «карціна выглядае больш неадназначнай». Як піша выданне, Інстытут вывучэння вайны заяўляў пра абмежаваную, але значную атаку УСУ ў заходняй частцы Запарожскай вобласці ў ноч з 7 на 8 чэрвеня. Расейскія сілы абараняліся ад гэтага нападу дактрынальна абгрунтаваным спосабам і нібы аднавілі свае першапачатковыя пазіцыі.
У той самы час вашынгтонскі аналітычны цэнтр са спасылкай на геалакацыйныя кадры паведамляў, што ўкраінскія сілы прарвалі першую лінію абароны паміж Рабоціным і Вербавым, прыкладна за 15 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад Арэхава. Таксама паведамляюць пра лютыя баі вакол Вялікай Навасёлкі, што на мяжы Запарожскай і Данецкай абласцей.
Politico адзначае, што ўкраінскія афіцыйныя асобы ў асноўным захоўваюць аператыўнае маўчанне датычна контрнаступу, а ўчора ўкраінскае войска паведаміла, што «праціўнік прадаўжае абараняцца».
Пра тое, што контрнаступ ідзе поўным ходам, намякнуў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. У чацвер ён падкрэсліў, што «знаходзіцца на сталай сувязі з нашымі вайскоўцамі».
«Данецкая вобласць – вельмі цяжкія баі. Але вынік ёсць, і я ўдзячны ўсім, хто забяспечвае гэты вынік! Бахмут-малойца. Крок за крокам», – заявіў Зяленскі.
У той самы час прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што «вельмі аптымістычна» ўспрымае «падзеі, якія развіваюцца» на фронце.
Пра цяжкія баі на фронце робяць справаздачы і расейцы. Напярэдадні пракрамлёўскія рэсурсы апублікавалі відэа доўгай украінскай калоны з бронятэхнікай, якая нібыта зазнала магутны абстрэл у чацвер. Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу праінфармаваў дыктатара Пуціна пра баі, заявіўшы пра вялікі штурм 47-й механізаванай украінскай брыгады, які, паводле ягоных словаў, быў адбіты ў шматгадзінным баі на Запарожжы.
Разам з тым выданне адзначае, што расейцы добра падрыхтаваліся да абароны на Запарожскім кірунку, зладзіўшы фартыфікацыі, «зубы цмока» і мінныя палі.
«Расейская абарона можа стварыць вялікія праблемы для контрнаступу Украіны. Інжынерная тэхніка аказалася адным з наймацнейшых відаў расейскага войска», – гаворыцца ў матэрыяле.
Выданне нагадвае, што дасведчаныя ваенныя эксперты напярэдадні контрнаступу меркавалі, што Запарожжа найбольш верагодная галоўная мэта ўкраінцаў, паколькі паспяховая контратака дала б найбольшую патэнцыйную ўзнагароду – дазволіла б сілам Кіева прасоўвацца ў Бярдзянск, Мелітопаль і Такмак з мэтай разрэзаць так званы сухапутны мост, Расею і акупаваныя паўднёвыя ўкраінскія тэрыторыі.
«Але тыдзень таму Зяленскі падрыхтаваў украінцаў да цяжкай, доўгай працы і паспрабаваў змякчыць чаканні, сказаўшы, што барацьба на полі бою зойме некаторы час і будзе мець вялікі кошт», – падсумавала выданне.