20 траўня 2024, панядзелак, 14:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У NATO зрабілі новую заяву аб ядзернай зброі ў Беларусі

24
У NATO зрабілі новую заяву аб ядзернай зброі ў Беларусі

Альянс з неспакоем назірае за сітуацыяй.

Размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі ўзмацняе патрабаванне Украіны што да хуткага ўступлення ў NATO. Паўночнаатлантычны звяз устурбавана назірае за сітуацыяй.

Пра гэта расказаў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Welt.

Са слоў Столтэнбэрга, падзеі ў Беларусі, якая з'яўляецца хаўруснікам Расеі, узмацняюць патрабаванне Украіны што да хуткага ўступлення ў NATO.

Каментуючы ўзмацненне ядзернай пагрозы супраць Захаду з боку Масквы, у тым ліку шляхам размяшчэння адпаведнай зброі ў Беларусі, кіраўнік NATO сказаў, што Альянс з турботай назірае за гэтай заявай, хаця пакуль не бачыць прыкмет таго, што Крэмль можа ўжыць ядзерную зброю ў агляднай будучыні.

Столтэнбэрг таксама адзначыў важнасць лідэрства Нямеччыны, якое "неабходнае для супакою" ў Еўропе.

У панядзелак кіраўнік NATO наведае Бэрлін, дзе правядзе перамовы з канцлерам Олафам Шольцам.

Столтэнбэрг аб перамовах паміж Украінай і РФ

Генеральны сакратар NATO засцярог ад паспешных мірных перамоў паміж Украінай і Расеяй.

«Мы ўсё жадаем, каб гэтая вайна скончылася. Але каб мір быў працяглым, ён мае быць справядлівым», - сказаў ён.

Мір, паводле слоў Столтэнбэрга, не можа азначаць замарожванне канфлікту і прыняцце ўмоў, прадыктаваных Расеяй. Толькі Украіна можа вызначыць умовы, якія з'яўляюцца прымальнымі.

Кіраўнік NATO адзначыў, што ваенныя поспехі ўмацуюць пазіцыю Украіны на перамовах.

«Чым больш акупаваных тэрыторый зможа вызваліць Украіна, тым лепшыя карты яна будзе мець за сталом перамоў для дасягнення справядлівага і трывалага міру», - дадаў Столтэнбэрг.

Украіна і NATO

«Будучыня Украіны - у NATO, але цяпер прыярытэтам для Украіны з'яўляецца зацвярджэнне сябе як суверэннай і незалежнай дзяржавы - інакш няма магчымасці абмяркоўваць сяброўства ... Мы павінны пераканацца, што калі гэтая вайна скончыцца, будуць існаваць надзейныя дамоўленасці што да бяспекі Украіны, каб Расея не змагла пераўзброіцца і атакаваць зноў, і цыкл расейскай агрэсіі быў разарваны», - заявіў Столтэнбэрг.

Ён абвясціў, што на саміце ў Вільні ў ліпені NATO прыме пакет дапамогі, закліканы прывесці Украіну да стандартаў NATO на працягу некалькіх гадоў. Сярод іншага прадугледжваецца актывізацыя палітычных сувязяў.

"Гэта наблізіць Украіну да NATO", - сказаў лідэр альянсу, але адзначыў, што паскоранага ўступлення не будзе.

Новы фармат супрацоўніцтва паміж NATO і Украінай

У Паўночнаатлантычным альянсе загаварылі аб стварэнні Рады Украіна-NATO. Такі фармат мае замяніць Камісію Украіна-NATO і даць Кіеву шырэйшы спектр магчымасцяў.

Новы фармат супрацоўніцтва павысіць статус стасункаў Украіны і Альянсу і дазволіць ініцыяваць сустрэчы ў кожны час, а таксама адчыніць дзверы для новых сфэр супрацоўніцтва.

Больш падрабязна аб стварэнні новага фармату стасункаў паміж Украінай і NATO чытайце ў матэрыяле РБК-Украіна - «Рада замест Камісіі. У NATO загаварылі аб новым фармаце для Украіны, але ёсць пытанні».

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках