Лукашэнка патрапіў у скандал падчас візіту ў Азербайджан
20- 20.05.2024, 14:20
- 63,170
Паступіў зварот у АДКБ.
Журналісты армянскага выдання «Навіны Арменіі - NEWS.am» зрабілі запыт у АДКБ пасля заявы Лукашэнкі ў Азербайджане.
16 траўня беларускі дыктатар на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы з азербайджанскім лідарам Ільхамам Аліевым сказаў наступнае: «Успомніў нашу размову перад вайной, перад Вашай вызваленчай вайной, калі мы па-філасофску разважалі за абедам удваіх. Тады мы прыйшлі да высновы, што ў вайне перамагчы можна».
Улічваючы, што правадыр з краіны-чальца Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы фактычна прызнаецца ў абмеркаванні будучай агрэсіі наконт іншага ўдзельніка АДКБ (Арменіі) з агрэсарам (Азербайджанам), карэспандэнтка выдання звярнулася ў сакратарыят АДКБ у надзеі высветліць пазіцыю генеральнага сакратара АДКБ. Высветлілася, што пазіцыя АДКБ зводзіцца да адсутнасці пазіцыі.
«Пададзеная Вамі заява зробленая лідарам суверэннай дзяржавы ў рамках двухбаковага дыялогу, і не можа быць прадметам ацэнкі Генеральнага сакратара АДКБ», - заявілі ў АДКБ.