25 красавiка 2024, Чацвер, 18:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Беларускія ахвотнікі перашкодзяць Крамлю паставіць новага «лукашэнку»

20
Наталля Радзіна: Беларускія ахвотнікі перашкодзяць Крамлю паставіць новага «лукашэнку»
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА
ФОТА: CHARTER97.ORG

Зброя для вызвалення Беларусі знойдзецца.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна вярнулася з Кіева і ў студыі «Белсату» расказала пра сустрэчы з беларускімі ахвотнікамі, украінскімі палітыкамі і пра магчымыя сцэнары вызвалення Беларусі.

На пачатку інтэрв'ю Наталля Радзіна падзялілася ўражаннямі ад выправы ва ўкраінскую сталіцу:

- Кіеў заўсёды быў энэргетычна моцным местам, а цяпер, калі ўжо больш за год яго бамбуюць, ты сустракаеш самых моцных, смелых людзей. Напраўду ўкраінцы не баяцца гэтых абстрэлаў, хаця цяжка іх перажываць, не спаць начамі, паветраная трывога можа доўжыцца некалькі гадзін. Аднойчы я сядзела ў бамбасховішчы з 12 гадзін ночы да 5 раніцы, але раніцай, калі прачынаешся, украінцы шчаслівыя, любяць жыццё і хочуць змагацца за сваю краіну. Яны разумеюць, што ніхто, акрамя іх, гэтага не зробіць.

Галоўная рэдактарка сайту Charter97.org расказала, што сустракалася ў Кіеве з палітыкамі з Сядзібы прэзідэнта Украіны, Вярхоўнай Рады, вайскоўцамі з Мінабароны, а таксама з беларускімі ахвотнікамі з палка імя Кастуся Каліноўскага, кіраўніцтвам батальёна "Тэрор", беларусамі з Другога інтэрнацыянальнага легіёна.

Наталля Радзіна падзялілася драбніцамі сустрэчы з дарадцам Сядзібы прэзідэнта Украіны Міхайлам Падаляком:

- Мы гаварылі пра еўрапейскія перспектывы Беларусі. Міхайла Падаляк пагадзіўся з тым, што будучыня нашай краіны ў ЕХ і NATO. Ён упэўнены, што Расею чакае раскіданне, у гэты перыяд ёй будзе не да Беларусі. Наша краіна мае ўсе шанцы пайсці еўрапейскім шляхам разам з Украінай.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org адзначыла, што цяпер ва Украіне вельмі шмат гавораць пра тое, што будзе, калі Лукашэнка памрэ:

- Мы шмат разоў яго хавалі, але, мне здаецца, што нарэшце гэта можа адбыцца. Гэта разумеюць у свеце і кажуць: "А што рабіць?" Пачалі гучаць цікавыя прапановы і нават стратэгіі. Напрыклад, экс-намеснік міністра абароны Польшчы генерал Вальдэмар Скшыпчак заявіў аб тым, што беларускія ахвотнікі ўвойдуць у Беларусь, іх падтрымаюць краіны NATO і 90% беларускага народа.

Сёння пра гэта ўжо ідуць дыскусіі, у тым ліку - ва ўкраінскім грамадстве, сярод вайскоўцаў, экспертаў, і нават я чула пра гэта ад дэпутатаў.

Беларускіх ахвотнікаў вельмі шмат, я паглядзела ў вочы гэтым хлопцам. Яны далі мне веру. Праз прэсавую службу і мэдыі мы бачым толькі 0,01% таго, што там адбываецца напраўду. Сярод беларускіх ахвотнікаў вельмі шмат сапраўдных байцоў, людзей, якія ахвочыя ахвяраваць сваім жыццём дзеля нашай краіны. Калі яны сёння гінуць за Украіну пад Бахмутам, яны гінуць з марай аб свабоднай Беларусі.

Хто дасць зброю беларускім ахвотнікам? Наталля Радзіна мяркуе, што гэта не будзе праблемай:

- Зброя ёсць, у пэўны час яна знойдзецца. Можаце пра гэта не хвалявацца. Я дакладна ведаю. Заўсёды знойдуцца людзі, якія дапамогуць беларусам вызваліць сваю краіну. Мы маем такое самае права абараняць сваю краіну са зброяй у руках, як і ўкраінцы. Сёння Беларусь можа страціць сваю незалежнасць. Не мае значэння, памрэ Лукашэнка або будзе жыць. Мы бачым, што краіна траціць суверэнітэт, забіваюць палітычных вязняў, а цяпер яшчэ вязуць ядзерную зброю.

Ёсць інфармацыя ад беларускіх вайскоўцаў, што ўжо рыхтуюць старыя савецкія бамбасховішчы, у тым ліку — у Берасцейскай вобласці. Сховішчы для ядзерных ракет ёсць на мяжы з Украінай і Польшчай. Яны іх рыхтуюць. Трэба думаць і рэагаваць.

Натуральна, трэба гаварыць пра санкцыі, але іх недастаткова. Калі там будуць ядзерныя ракеты, дык гэта пагроза для ўсяго рэгіёну. Не толькі для Украіны, але і для Польшчы, Літвы, Латвіі. Ужо і кіраўнік Генеральнага штаба Чэхіі кажа, што NATO рыхтуецца да вайны з Расеяй, гэта сведчыць аб тым, што ў Беларусь, магчыма, трэба будзе ўваходзіць міжнароднаму міратворчаму кантынгенту. Таксама могуць увайсці і беларускія ахвотнікі. Ідзе вайна, могуць быць абсалютна розныя сцэнары.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org упэўненая, што мы, беларусы, маем выйсці са «становішча ахвяры». Не думаць, што нібыта ўсё ў нашай сітуацыі залежыць ад "вялікіх дзяржаў":

- Вось памрэ Лукашэнка, Крэмль яшчэ аднаго паставіць, а мы будзем назіраць? Не. Беларускія ахвотнікі не будуць чакаць.

На думку беларускай журналісткі, усе дэмакратычныя сілы, калі яны напраўду такімі з'яўляюцца, павінны гаварыць пра гэтыя сцэнары:

- Сёння апазіцыя павінна рабіць усё, каб узмацніць беларускія падраздзяленні, полк Каліноўскага ды іншых ахвотнікаў, каб дапамагчы ім атрымаць усё неабходнае. Яны павінны лабіяваць іхнія інтарэсы ва ўсіх заходніх структурах. Гаварыць аб тым, што Беларусь трэба вызваляць вайсковым шляхам. Калі пра гэта гавораць польскія генералы, то чаму беларуская апазіцыя баіцца пра гэта гаварыць?

Калі мэта адна - вызваленне Беларусі, то ты забываеш пра свае амбіцыі, сядаеш да стала і размаўляеш. Калі твая мэта - кіраваць, каб вакол цябе былі падначаленыя-лісліўцы, то тады, вядома, цяжка сесці за стол перамоў.

Наталля Радзіна мяркуе, што сядзіба Ціханоўскай сёння не з'яўляецца палітычным цэнтрам:

- Ва Украіне мяркуюць, што яны палітычныя нулі і сустракацца з ім не хочуць. Мы не бачым візітаў Ціханоўскай у Кіеў. Чаму?

Ва Украіне ахвочыя гаварыць з беларускімі ахвотнікамі, і сёння полк Каліноўскага названы ўкраінскімі ўладамі партнёрам. Яны прапануюць канкрэтныя рэчы, ахвяруюць сваім жыццём для Украіны. Сёння ўкраінскія ўлады бачаць перспектыву менавіта ў палку Каліноўскага ды іншых беларускіх ахвотніках.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках