Галоўны інжынер загінуў пры пажары ў чавускім філіяле ААТ «Бабулін гладыш»
8- 21.06.2023, 20:40
- 9,388
Прычына пажару высвятляецца.
Падчас пажару ў чавускім філіяле ААТ «Бабулін гладыш» загінуў галоўны інжынер. Пра гэта паведаміла БелТА афіцыйная прадстаўніца УСК Магілёўскай вобласці Таццяна Старасотнікава.
«Сёння днём паступіла паведамленне пра загаранне ў цэху сухіх сумесяў філіяла “Чавускі” ААТ “Бабулін гладыш”. Падчас лакалізацыі пажару ратавальнікі МНС знайшлі цела галоўнага інжынера – 62-гадовага мясцовага жыхара. Цяпер на месцы здарэння працуе следча-аператыўная група», – расказала Таццяна Старасотнікава.
Папярэдне вызначана, што ў цэху прадпрыемства сіламі іншай арганізацыі ажыццяўляўся дэмантаж трубаў. Праз пажар у цэху, дзе знаходзіцца блізу 450 т сухой малочнай сумесі, часткова абрынуўся дах.
Як паведамляе МНС, паведамленне пра задымленне ў будынку цэха перапрацоўкі і захоўвання сухога малака на тэрыторыі Чавускага філіяла ААТ «Бабулін гладыш» паступіла ва ўстанову 21 чэрвеня ў 13.31.
Ратавальнікі, якія прыбылі да месца выкліку, знайшлі ўнутры цэха шчыльнае задымленне. З памяшкання цэха ратавальнікі вынеслі ў непрытомным стане 62-гадовага супрацоўніка прадпрыемства. Брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі была канстатаваная ягоная смерць.
Агнём пашкоджаны дах і маёмасць унутры цэха. Прычына пажару высвятляецца.