17 траўня 2024, Пятніца, 15:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якія прыгожыя дамы прадаюць недалёка ад Менска з адэкватным коштам

7
Якія прыгожыя дамы прадаюць недалёка ад Менска з адэкватным коштам
ФОТА: REALT.BY

З рамонтам, ацяпленнем і мэбляй.

Сёння ў традыцыйную падборку realt.by патрапілі загарадныя дамы, цалкам гатовыя для жыцця – з рамонтам, ацяпленнем і мэбляй. Усе яны даволі новыя, размешчаныя побач з Менскам. Самы дарагі з іх уладальнікі ацанілі на 120 тысячаў даляраў, астатнія – не даражэйшыя за добрую менскую двушку.

СТ «Бяларучы», Мядзельскі кірунак, 19 км ад МКАД

Гэтае таварыства ў рэкламе не мае патрэбы – сучаснае, з вялікімі надзеламі і добрай інфраструктурай. Побач лес і Вяча, дарога да Менска займае 20 хвілінаў. СТ можа прэтэндаваць на статус населенага пункта сярод першых: вадаправод цэнтральны круглагодны, ёсць газ, надзелы 10 сотак, вуліцы шырокія. Тут ужо даўно будуюць дамы з разлікам на сталае пражыванне.

Адзін з такіх катэджаў з'явіўся ў продажы – два паверхі, 78,8 квадратаў. У яго каменны першы паверх, другі драўляны, дах двухсхільны, спадзісты, з вялікімі навісямі – больш за ўсё ён стылем нагадвае шале. Да яго прымыкае вялікая тэраса-палуба.

Гасцёўня двухсветлавая, з невялікай кухняй.

На другім паверсе размешчаныя спальні з выхадам на гаўбец.

Да катэджа падведзены газ, але ацяпляецца ён пакуль электракатлом. Вадаправод цэнтральны, каналізацыя мясцовая.

Памер надзелу – 10 сотак. На іх знайшлося месца для невялікага гародзіку з высокімі градкамі, гаража, альтанкі і лазні з міні-басейнам.

Тэрыторыя абгароджаная і цалкам добраўпарадкаваная. І вось за гэта ўсё просяць 79 900 даляраў.

Шабунеўшчына, Берасцейскі кірунак, 28 км ад МКАД

Вёска невялікая і ціхая, з добрымі транспартнымі зносінамі са сталіцай. Большая частка дарогі – па трасе М-1.

Тут прадаецца аднапавярховы дом на 134 квадраты, пабудаваны ў 2012 годзе. Сцены ў яго з керамзітабетону, перакрыцці жалезабетонныя. Дах – гнуткая чарапіца. Фасад уцеплены і аздоблены пліткай пад клінкерную цэглу і дрэвам. Тэраса абабітая лістоўніцай.

У доме дзве спальні, кухня-сталоўка, гасцёўня, пярэдні пакой і ацяпляльны. Сцены аздобленыя дрэвам, штучным каменем і пліткай. Падлогавае пакрыццё – палавая дошка і плітка.

Ацяпляецца цвердапаліўным катлом. Дадаткова прадугледжаныя вывады для электракатла, заведзеная электрычнасць 15 квт.

Водазабеспячэнне цэнтральнае, каналізацыя мясцовая. Усталяваны роўтар з антэнай, wi-fi разведзены па ўсёй хаце.

Надзел 15 сотак абгароджаны, на ім абсталяваныя месцы вольнага часу, устаноўлены тандыр, ёсць агмень для вогнішча ў зоне адпачынку і тэрасавая сажалка. Прыдамавая тэрыторыя добраўпарадкаваная – высаджаны газон, туі, хвоі. Перад домам выбрукавана месца для аўтамабіля.

Кошт гэтага дома – 120 000 даляраў. Прадаецца з мэбляй, побытавай тэхнікай і прадметамі інтэр'еру.

Знаменка, Віцебскі кірунак, 35 км ад Менска

Вёска знаходзіцца за 9 кіламетраў ад гарналыжнага курорта «Сілічы», побач Лагойск. Дарога асфальтаваная, зімой рэгулярна чысціцца. У Знаменцы ёсць маленькая крама, можна скарыстацца паслугамі Е-дастаўкі.

Побач лес і некалькі вадаёмаў, за 3 км ад дома знаходзіцца Дубровіцкае вадасховішча з платным пляжам і добраўпарадкаванай тэрыторыяй.

Дом пабудаваны з профільнага брусу ў 2022 годзе, агульная плошча – 72м2. Архітэктура сучасная, лаканічная. Ля ўваходу размяшчаецца прасторная тэраса, на якую выходзяць панарамныя вокны з гасцёўні.

Унутры прасторна і светла, сценам пакінулі іх натуральны колер і фактуру. Падлогі і столі драўляныя, пафарбаваныя ў белы.

З мэблі ў хаце – мінімалістычная кухня і кутняя канапа. Санвузел таксама абсталяваны мінімальна – унітаз, рукамыйніца і душавая кабіна.

Ацяпленне электрычнае, водазабеспячэнне цэнтральнае, каналізацыя мясцовая.

Надзел прыстойных памераў – 19 сотак. За гэты варыянт просяць 98 000 даляраў.

Душкава, Ракаўскі кірунак, 34 км ад МКАД

Гэта даволі вялікая вёска каля Ракава, за 30 хвілінаў ад Каменнай Горкі. Мясцовасць маляўнічая, пагорыстая.

Дом тут каркасны, з панарамнымі вокнамі, двухсхільным дахам і тэрасай. Пабудаваны ў 2019 годзе. Агульная плошча – 118 квадратаў, адзін паверх.

Унутры пярэдні пакой, ацяпляльны, кухня-гасцёўня, дзве спальні і два санвузлы.

На падлозе якасны ламінат і плітка, ёсць мэбля і ўбудаваная кухня.

Ацяпленне на газе, вада са свідравіны, каналізацыя мясцовая.

Плошча надзелу – 25 сотак. Кошт – 75 000 даляраў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках