28 траўня 2024, aўторак, 22:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Грамадзянам Беларусі трэба было выходзіць з аўто і паказваць дакументы ў будачцы»

6
«Грамадзянам Беларусі трэба было выходзіць з аўто і паказваць дакументы ў будачцы»

Як праходзіць кантроль на мяжы з Расеяй, якой не было амаль 30 гадоў.

Больш за месяц таму Беларусь увяла кантроль на мяжы з Расеяй, якога не было з 1995 года. На шасці трасах з'явіліся пункты пропуску, дзе памежнікі правяраюць дакументы і аўтамабілі.

Журналісты zerkalo.io распыталі ў чытачоў, якія перасякаюць гэтую мяжу, на што зважаюць памежнікі.

Імёны герояў зменены ў мэтах бяспекі, звесткі ёсць у рэдакцыі.

Чытач Іван ехаў у Беларусь па трасе М1 у канцы траўня праз памежны пункт недалёка ад вёскі Сінчуры, што ў Віцебскай вобласці.

- Там дзве паласы, стаяць шлагбаумы і два вагончыкі. Памежнікі знаходзяцца ў гэтых вагончыках, - распавядае чытач. - Калі пад'язджаеш, памежнікі выходзяць і аглядаюць кожны аўтамабіль: усе дзверы, багажнік, падлакотнік і шуфляду. Потым просяць падыходзіць да акенца вагончыка і паказаць пашпарт, а таксама дакументы на аўтамабіль. Перад акенцам трэба было стаяць і глядзець у камеру, яны фатаграфавалі. У гэты час памежнік унутры правяраў дакументы і пытаўся пра тое, куды едзем. На расейскім баку ўсё як і раней: паказвалі пашпарты ў разгорнутым выглядзе, седзячы ў ашто, і трэба было адкрыць задняе акно.

У гэтым жа месцы паўтара тыдня таму мяжу перасякаў і Ігар. Ён ехаў на аўто на расейскіх нумарах. Гаворыць, усё прайшло хутка.

- Хвілін 20 стаяў на беларускай, - распавядае суразмоўца. - Праверылі пашпарт, папрасілі паказаць салон і багажнік. У багажніку ляжаў більярдавы кій у чахле. Спыталі, што там, папрасілі паказаць. Перакінуліся парай фраз пра більярд - і ўсё.

Расейскіх памежнікаў чытач прайшоў яшчэ хутчэй: тыя проста праверылі пашпарт, на ўсё спатрэбілася пяць хвілін.

- Хоць я рыхтаваўся, што будуць правяраць рэчы, тэлефон, пытанні ўсякія задаваць, - рэзюмуе Ігар.

Ірына разам з мужам перасякала мяжу некалькі разоў: у пачатку і ў сярэдзіне траўня. Абодва разы яны ехалі праз пасёлак Езярышча, што ў Віцебскай вобласці. У мужа і жонкі ёсць і беларускае, і расейскае грамадзянства. Першы раз ехалі толькі па беларускіх пашпартах, другі — на кожным КПП паказвалі адпаведны пашпарт. Сам кантроль суразмоўніца называе звычайным, як і на іншых межах.

- Абодва разы машын было вельмі мала, і мы амаль не стаялі ў чарзе, - адзначае яна. На беларускім баку глядзелі багажнік і салон, прасілі адчыніць шуфляду. Агляд хуткі, рэчы не перарывалі. У мужа папрасілі адкрыць заплечнік, тэлефоны не глядзелі, пыталіся, адкуль і куды едзем. Затым кіроўца з тэхпашпартам на аўто і ўсе пасажыры з пашпартамі і страхоўкамі пайшлі ў будку, афармляцца.

Са слоў Ірыны, кожны праходзіў кантроль асобна, памежнікі прасілі глядзець у камеру. Ніякіх допытаў не было. Праверка на мяжы заняла ў Ірыны і яе мужа блізу 25 хвілін. Яна адзначае, што фуры праходзілі мяжу асобнай чаргой.

- Назад з Беларусі ў Расею ў першы раз ехалі 12 траўня. На беларускай мяжы нават не спынілі, на расейскай проста зірнулі пашпарты і пажадалі шчаслівага шляху. Другі раз, ужо ў канцы траўня, на беларускім баку спынілі, але проста паглядзелі пашпарты. А на расейскім баку ў грамадзян Расеі прасілі толькі пашпарты, але грамадзянам Беларусі трэба было выходзіць з аўто і паказваць дакументы ў будцы, - адзначае наша субяседніца.

На пачатку мінулага тыдня Віктар ехаў з Расеі ў Беларусь па трасе, якая праходзіць праз горад Лёзна, што таксама ў Віцебскай вобласці. Яму пашанцавала менш: чытач расказвае, што на мяжы былі кадэбэшнікі, якія павялі яго на допыт.

- Яны цікавіліся маім затрыманнем у 2020 годзе паводле пратэстных артыкулаў, праглядалі тэлефон. Дарэчы, падышоў стары смартфон, нават без тэлеграма, — расказвае ён. — Пыталіся, навошта ездзіў у Расею, ці езджу яшчэ куды за мяжу, ці падпісаны на экстрэмісцкія каналы ў інтэрнэце. Папярэдзілі, што за падпіску ёсць адказнасць, пужалі, што ўсе могуць праверыць. Сфатаграфавалі аўто.

Чаму фатаграфавалі аўто, Віктару не патлумачылі. Сам допыт, успамінае ён, доўжыўся нядоўга, 15-20 хвілін:

- Страх і трывога ў мяне прысутнічалі, але панікі не было. Мужчын было два, яны паводзілі сябе даволі карэктна.

Нагадаем, 5 траўня пачалі паступаць паведамленні, што на мяжы з Расеяй з беларускага боку ўстанаўліваюць нешта кшталту кантрольных пунктаў. Тады ў Дзяржаўным памежным камітэце «Зеркалу» пацвердзілі, што на ўездзе ў Беларусь цяпер «будзе весціся праверка дакументаў», прычына - выкананне ратыфікацыйнага пагаднення аб узаемным прызнанні віз з Расеяй.

Такіх праверак на мяжы не было амаль 30 год. Памежная зона паміж Расеяй і Беларуссю існавала з 1993-га да 1995 год, затым мытны і памежны кантроль скасавалі. З тых часоў грамадзяне абедзвюх краін маглі ездзіць з унутранымі пашпартамі і без кантролю.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках