«Каліноўцы» ўжо ўзялі стрэльбы ў рукі»
10- 7.06.2023, 15:12
- 12,434
Беларуска расказала, як у краіне рэагуюць на ваенныя гульні двух дыктатараў.
Чытачка сайту charter97.org Ніна з Нясвіжа расказала пра страх беларусаў перад вайной:
— Днямі ехалі ў сталіцу на мікробусе. На шашы пад Койданавам убачылі нязвыклае відовішча: два вайсковыя аўтамабілі цягнулі ракеты. Мяне аж скаланула ад убачанага. Я хоць і маю вышэйшую тэхнічную адукацыю, але ж не спецыялістка ў галіне ракетнага ўзбраення. Таму не магу сказаць дакладна, чыя гэта зброя і куды яна кіравалася. Але мне вельмі прыкра, што цяперака па нашай зямлі гойсае такі транспарт.
Некалі я любіла ездзіць у Менск у тэатры, асабліва ў Купалаўскі, цяпер знішчаны лукашыстамі. А сярод тэатралаў папулярнае такое выслоўе: “Калі на пачатку п’есы на сцяне вісіць стрэльба, то ў канцы яна мае стрэліць”.
Чытачка адзначае, што Расея здавён выкарыстоўвае Беларусь і Украіну як тэатр ваенных дзеянняў.
— Гэта ж дужа зручна: ваяваць на чужой зямлі, спусташаючы яе дашчэнту. А сваё насельніцтва, лацвей уладкаваўшыся на канапах, глядзіць на гэта ў тэлевізары, як нейкі сэрыял.
Аднак жанр раптам змяніўся на Reality show, прынамсі для жыхароў Белгародскай і Курскай абласцей РФ. Тыя зазналі на сабе жахі вайны: паветраную трывогу, бамбаванне, эвакуацыю.
Мы вельмі баімся, што гэтыя жудасці не абмінуць і нас, беларусаў. Бо звар’яцелы ад бязмежнай улады тутэйшы дыктатар паклікаў да нас у краіну расейскую ядзерную зброю. А гэта ж робіць усіх нас мішэнню для патэнцыйнага ўдару ў адказ.
А шмат хто з нашых суседзяў згаджаўся з існаваннем дыктатуры, апраўдваючы гэта тым, што, маўляў, абы не было вайны. Войны былі, але дзесьці далёка – у Чачэніі, Грузіі, Сірыі, на Данбасе, аднак цяпер вайна грукае ў нашы дзверы. Бо так заўсёды з дыктатурамі: спачатку тыран душыць усіх унутры краіны, адале выплюхвае агрэсію вонкі. Усё адно, якога памеру тыран – вялікі, маскоўскі альбо дробны, шклоўскі, бо шкода ад іх вялікая. Ніякае ўпрошванне ды залагоджванне не дапамагае, бо гэткія бандыцкія верхаводы пачынаюць нешта разумець, толькі калі ім у лыч соўгаюць кулак.
Прыгадваюцца радкі з верша “Мужык” Якуба Коласа:
Я — мужык, а гонар маю,
Гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора загукаю:
«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»
«Каліноўцы» ужо ўзялі гэтыя стрэльбы ў рукі. Спадзяемся, што неўзабаве яны будуць ратаваць нашу зямлю.