Армянскія, казахскія і ганконжскія банкі пачалі блакаваць выплаты з РФ
2- 7.06.2023, 17:05
- 5,584
Прычына - рызыка санкцый.
Армянскія, казахскія і ганконжскія банкі праз рызыку санкцый пачалі блакаваць аплаты за электроніку і камунікацыйнае абсталяванне ад кампаній з Расеі, піша «Экономическая правда».
Апошнія два тыдні ўсё часцей адбываюцца выпадкі, калі казахскія, армянскія і ганконжскія банкі блакуюць аплату ад расейскіх юрыдычных асоб па коду таварнай наменклатуры замежнаэканамічнай дзейнасці 8542, у якую ўваходзяць працэсары, мікрасхемы і г.д.
Адна з крыніц растлумачыла, што гэта звязанае з увядзеннем дзясятага пакета санкцый ЗША. Абмежаванні пагражаюць банкам, якія супрацоўнічаюць з РФ, і датычацца, напрыклад, кожнай перадачы сродкаў, тавараў або паслуг на карысць заблакаванай або ад такой асобы.
У выніку расейскім кампаніям давядзецца ўвозіць кампаненты, неабходныя для вытворчасці кампутараў, сэрвераў, сістэм захоўвання інфармацыі і іншай тэхнікі пад іншымі кодамі.
«Некаторыя калегі сутыкнуліся з праблемамі аплаты кампанентаў і іншай электронікі праз ганконжскія банкі», - адзначыў кіраўнік Расейска-Азіяцкага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Віталь Манкевіч.
Ён дадаў, што партнёры з Ганконга гавораць, што сітуацыя з аплатамі складаная і звязаная з санкцыйным ціскам.
У той жа час, блакуюць аплату не ўсе армянскія ці ганконжскія банкі, а самі пастаўшчыкі пачынаюць выкарыстоўваць «іншыя спосабы правядзення аплат».
Таксама кантроль за транзакцыямі санкцыйнай прадукцыі, у тым ліку электронікі, ўзмацнілі казахскія банкі.
«Проста ў краіны-вытворцы закупляць кампаненты, запчасткі, кампутары і да т.п. немагчыма, а праз трэція краіны - усё складаней і складаней, таму праз паўгода-год мы можам сутыкнуцца з дэфіцытам санкцыйнай прадукцыі, - сказаў гендырэктар лагістычнай кампаніі «Оптымалог» Георгій Уластопула.