Беларускую Жанну д’Арк улады адправілі на псіхіятрычную экспертызу
24- 7.06.2023, 18:09
- 28,004
Раней Паліна Шарэнда-Панасюк у знак пратэсту адмовілася ад беларускага грамадзянства.
Актывістку «Еўрапейскай Беларусі», палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк накіравалі з калоніі ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках для правядзення псіхіятрычнай экспертызы. Гэта адбылося неўзабаве пасля таго, як актывістка напісала заяву аб адмове ад беларускага грамадзянства. Пра сітуацыю з Палінай паведаміў яе муж Андрэй Шарэнда, які зараз знаходзіцца ў Вільні, піша «Радыё Свабода».
«Этап з Рэчыцы ў Менск у Навінкі можа заняць два тыдні. Дакладна вядома, што перад этапам блізу двух тыдняў Паліна была ў санчастцы калоніі, можа, яе прыводзілі ў стан для этапу. А этапавалі з калоніі толькі некалькі дзён таму. Пакуль больш звестак аб жонцы не маю. Відаць, будзе праходзіць у Навінках экспертызу», - паведаміў муж палітзняволенай Андрэй.
Са слоў Андрэя Шарэнды, адмова ад грамадзянства была пратэстам супраць сталага ціску, які жанчына адчула ў зняволенні.
«Гэта яе пратэст супраць катаванняў. Яна адмаўляецца ад беларускага пашпарта са сталінскім гербам на вокладцы і больш не хоча мець нічога агульнага з рэжымам, які сфармаваўся ў Беларусі. Рэжымам, які знішчае незалежнасць Беларусі, які ўдзельнічае ў вайне. Рэжымам, які забівае яе і іншых палітвязняў у турмах», - сказаў Андрэй Шарэнда.
У чэрвені 2021 года Паліну Шарэнду-Панасюк (яе затрымалі 3 студзеня 2021 года) асудзілі на 2 гады зняволення за гвалт у дачыненні да міліцыянтаў і за абразу Лукашэнкі.
З таго часу да гэтага тэрміну суд дадаў актывістцы яшчэ два гады за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы» (411-ы артыкул КК). Жанчыну трымалі спачатку ў гомельскай жаночай калоніі, разлічанай на так званых «першаходаў», а потым перавялі ў калонію ў пасёлку Зарэччы Рэчыцкага раёна, куды змяшчаюць тых, хто асуджаны другім разам і больш. Паводле інфармацыі, якую атрымаў Андрэй Шарэнда з Беларусі, у абедзвюх калоніях ягоную жонку большасць часу трымалі то ў штрафным ізалятары, то ў памяшканні камернага тыпу.
«Паліну павольна, але мэтанакіравана забіваюць. Арганізм Паліны настолькі знясілены, што ёй ужо цяжка хадзіць. Ад адсутнасці сонечнага святла зрок у Паліны моцна сапсаваўся», - піша муж актывісткі ў звароце да міжнародных гуманітарных і праваабарончых арганізацый.
Андрэй заклікаў праваабаронцаў свету «сачыць за лёсам яго жонкі і зрабіць усё магчымае для вызвалення яе і ўсіх палітвязняў».