У Шабекіне загарэлася прамзона
9- 7.06.2023, 18:37
- 10,504
Відэа.
Шабекіна зноў абстралялі з РСЗА «Град», паведаміў кіраўнік Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў. З яго слоў, больш за 40 набояў патрапілі на тэрыторыю прамзоны, у выніку чаго пачаўся пажар.
Яшчэ 20 ракет прыляцелі ў розныя часткі горада, дадаў губернатар. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма, аднак абстрэл працягваецца.
Як паведамляе Baza, набоі прыляцелі ў прамзону, дзе вырабляюцца лакафарбавыя матэрыялы, пластмасы, сінтэтычныя смолы.
Гладкоў таксама паведаміў, што нібыта УСУ абстралялі з «Градаў» цэнтр вёскі Графаўкі Шабекінскай акругі.
«Пацярпелых няма. Частка набояў упала ля школы і Дома культуры. Частка патрапіла ў прыватны сектар. Ёсць прамое траплянне ў двор жылога дома - пашкоджаны гаспадарчая пабудова і паркан. Таксама аскепкамі пасечаныя фасады і вокны яшчэ двух прыватных дамоў. Аператыўныя службы працуюць на месцы», - напісаў ён у тэлеграм-канале.
Акрамя таго, са слоў губернатара, пад мінамётны абстрэл патрапіла сяло Грузскае Барысаўскага раёна. Пацярпелых там таксама няма, адзін набой прыляцеў на тэрыторыю сельгаспрадпрыемства: пашкоджаны дах складскога памяшкання і 11 трактароў.
У пачатку чэрвеня Шабекіна трапіла пад масаваны абстрэл, жыхароў пачалі вывозіць у бяспечныя раёны. З таго часу горад амаль штодзень атакуюць набоямі.
Карэспандэнтцы The Insider удалося трапіць у Шабекіна. У рэпартажы яна піша, што горад нібы вымер: усюды пустыя вуліцы, падпаленыя дахі і пашкоджаныя ад рэгулярных абстрэлаў дамы. У Шабекіне таксама некалькі дзён няма электрычнасці і вады, не ходзіць грамадскі транспарт і не працуе сотавая сувязь. Праезд у населены пункт закрыты, яго ахоўваюць брыгады вайскоўцаў.
«Горад пусты, усё гарыць, слупы дыму, бегаюць галодныя сабакі, хутчэй за ўсё кінутыя гаспадарамі», - пераказвае Insider словы мясцовай жыхаркі.