Баранавіцкую студэнтку за абразу Лукашэнку судзілі проста ў ВНУ
39- 7.06.2023, 20:38
- 28,080
Фотафакт.
У дзяржуніверсітэце ў Баранавічах прайшло выязное паседжанне суда паводле справы аб публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі. Абвінавачаная – 18-гадовая студэнтка навучальнай установы. Пра гэта паведаміла служба інфармацыі пракуратуры Берасцейскай вобласці.
«Злачынства выяўленае пракуратурай падчас маніторынгу інтэрнэт-рэсурсаў, пасля чаго пракурор прыняў пастанову пра пачатак крымінальнай справы», – паведамілі ва ўстанове.
Дзяўчына 26 верасня 2022 года пакінула ў адным з тэлеграм-чатаў «абразлівы каментар» на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Знаходзілася яна тым часам у інтэрнаце.
Студэнтка прызнала сваю віну ў поўным аб'ёме. На падставе ч. 1 арт. 368 КК ёй прызначаныя 2 гады «хатняй хіміі».
Пасля судовага паседжання дзяржабвінаваўца выступіў перад студэнтамі і «растлумачыў адказнасць за дзеянні экстрэмісцкага характару». Ён «арыентаваў маладых людзей не паддавацца на дэструкцыйныя заклікі, самастойна і ўзважана абдумваць інфармацыю, якая атрымліваецца з розных крыніцаў».
Паседжанне суда менавіта ў ВНУ праходзіла з ініцыятывы пракуратуры.