5 траўня 2024, Нядзеля, 15:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лецішчы разляцеліся як піражкі»

30
«Лецішчы разляцеліся як піражкі»

Экспэрты расказалі, што адбываецца з продажам дамоў у Беларусі і што будзе далей.

У траўні паказчыкі продажаў загараднай нерухомасці выраслі, як і чакалі рыэлтары. Спецыялісты адзначаюць, што летась пакупнікі больш цікавіліся лецішчамі і такая тэндэнцыя будзе ў чэрвені. Для прадаўцоў лецішчаў гэта апошні шанец прадаць свае аб'екты стартавым коштам, потым кошт давядзецца зніжаць. Экспэрты падзяліліся сваімі назіраннямі з realt.by.

«Цяпер у трэндах лецішчы - блізу 70% прыпадае на іх»

Андрэй Чарнышоў, аналітык агенцтва «Твая сталіца», параўноўвае графікі продажаў загараднай нерухомасці з горным хрыбтом, а травень і чэрвень - з пікамі на іх.

- Напрыклад, у дакавідны час і ў 2019 годзе загарадная нерухомасць для патэнцыйнага пакупніка разглядалася ў вузкім сегменце. Пераломны момант адбыўся ў 2020-ым з-за каранавіруса: праз жаданне людзей дыстанцыявацца і закрыццё межаў цікавасць да загараднай нерухомасці вярнулася, у выніку чаго мы назіралі пік угод. Пакуль той перыяд ніводны наступны сезон не выперадзіў.

Што тычыцца цяперашняй абстаноўкі, то прадаўцы лецішчаў павінны разумець: калі яны не паспеюць прадаць у траўні і чэрвені, далей попыт на іх аб'екты пойдзе на спад - гэта наглядна відаць і на штогадовых графіках продажаў. Такім чынам, знізіцца і кошт.

Цяпер у трэндах лецішчы - блізу 70% прыпадае на іх. Прычым глядзяць аб'екты розных коштавых катэгорый і якасці. Альтэрнатывай выступаюць катэджы.

- Калі пакупнік разглядае аб'ект вышэй за 40 тысяч даляраў, прапанова пашыраецца: можна выбіраць паміж лецішчамі і дамамі, дзе можна жыць у цёплую пару года. Чалавеку, які хоча быць у коле людзей, мець невялікі агарод, клумбы, адназначна пасуе лецішча. Там не трэба шмат сіл марнаваць на газон і догляд пляцу, у сезон заўсёды ёсць камунікацыя. Калі хочацца самотнасці, то варта разгледзець вёску, бо не ў кожнай вёсцы ёсць вялікая колькасць людзей нават улетку.

Экспэрт заўважыў яшчэ адно адрозненне ад 2020 года. Тады беларусы часцей разглядалі старыя дамы. Людзей прыцягвала не саае будынак, а хутчэй лакацыя. Па сутнасці пляц даставаўся за капейкі.

У апошнія гады ў агенцтве бачаць значнае падзенне цікавасці на такія аб'екты. Яны сталі невыгоднымі, бо пакупнікі не могуць спрагназаваць выніковыя ўкладанняў.

- Дамы камфорт-класа - ад 100 тысяч даляраў - таксама карысталіся вялікім попытам у 2020 і 2021 гады. Патэнцыйныя пакупнікі гэтай катэгорыі нерухомасці зараз з'ехалі з краіны, таму такімі аб'ектамі цікавяцца менш, - адзначае Андрэй і дзеліцца яшчэ адным назіраннем. - У катэгорыі аб'ектаў загараднай нерухомасці да 50 тысяч наяўнасць мэблі і тэхнікі з'яўляецца безумоўным плюсам. У дарагіх дамах камфорт-класа яна ўсё ж успрымаецца як ужываная. Яшчэ прадаўцам трэба разумець, што разам з ростам якасці аб'екта растуць і патрабаванні да мэблі, аздаблення і тэхнічнага абсталявання.

«Самы дарагі аб'ект у траўні - дом даражэйшы за 400 тысяч даляраў»

Аляксандр Грынман, кіраўнік агенцтва нерухомасці «Група кампаній Марыэлт» адзначыў, што паказчыкі продажаў загараднай нерухомасці ў траўні, як і чакалася, былі вышэйшымі, чым у папярэднія вясновыя месяцы.

- Лецішчы разляцеліся як піражкі. Але так можна сказаць і пра аб'екты іншых катэгорый. Добра прадаваліся дамы ў кансервацыі з максімальным працэнтам гатоўнасці і дамы для жыцця ў прыгарадзе Менска — да 30 км.

Самыя папулярныя аб'екты для жыхарства цэлы год каштавалі ад 50 да 150 тысяч даляраў. Лецішчы - ад 5 да 50 тысяч даляраў. Калі цана рынкавая, то купляюць дом з першага або другога паказу.

Самы дарагі аб'ект, які прадалі ў траўні — дом даражэйшы за 400 тысяч даляраў. Ён выстаўляўся на рынку больш за паўгода. Гэта нармальны перыяд з улікам таго, якая сітуацыя з гэтым сегментам сёння. Трэба адзначыць, што і цана продажу не моцна адрознівалася ад той цаны, якую хацеў прадавец.

Аляксандр упэўнены, што чэрвень яшчэ пакажа добры вынік што да загараднай нерухомасці.

- Летась на рынку было шмат новых дамоў прыдатных для жыцця да 50 тысяч даляраў. У гэтым сезоне такія аб'екты доўга не затрымліваюцца. Пры гэтым кампаніі і людзі, якія гэтым займаюцца, узводзяць значна менш такіх дамоў, бо расце цана матэрыялаў. За тую суму, якую яны атрымалі пры продажы, пабудаваць нешта падобнае ўжо не атрымаецца.

Экспэрт адзначае, што для пражывання пакупнікі шукаюць дом у вёсцы ці аграгарадку, бо там можна зарэгістравацца. На кожны напрамак ёсць свае пакупнікі. Самыя прадаваныя лакацыі знаходзяцца ў Берасцейскім баку, Гарадзенскім, Маскоўскім, Лагойскім і Мядзельскім.

Што тычыцца пакупнікоў, якія набываюць дамы пад інвестыцыю, то за імі агентам назіраць складаней.

- Хутчэй за ўсё гэтыя людзі купляюць не першы такі дом і добра разбіраюцца ў пытанні. Яны паглядзелі ўсё, што прадаецца ў інтэрнэце і самастойна ездзяць па вёсках, шукаюць цікавыя лакацыі і аб'екты, а потым дамаўляюцца з уласнікамі.

«Няма пагоні за вялікімі надзеламі»

Святлана Нікіцюк з агенцтва «Этажи Форте» таксама адзначае рост продажаў у траўні. Вызначыўся месяц і тым, што ў гэты перыяд вырас попыт на дамы ў садовых таварыствах. Раней іх дзель займала блізу 50 адсоткаў. Статыстыка нацыянальнага кадастравага агенцтва гаворыць пра гэта ж.

- Такую цікавасць пакупнікоў да лецішчаў можна растлумачыць, найперш даступным коштам. Дом у вёсцы з падобнымі характарыстыкамі каштавацьме даражэй. Цяпер няма пагоні за вялікімі надзеламі. Моладзі і людзям ва ўзросце 10 сотак цалкам дастаткова для адпачынку і садоўніцтва. Агулам у Менскім раёне ў красавіку не было прададзена ніводнага лецішча даражэйшага за 100 тысяч даляраў, а ў траўні — вышэй за гэты кошт было прададзенае ўсяго адно. Са 108 лецішчаў пайшлі з коштам звыш 50 тысяч даляраў толькі 9 аб'ектаў. Асноўны попыт быў засяроджаны на садовых дамах коштам да 40 тысяч даляраў.

Таксама ў далейшым магчымы рост попыту на лецішчы дзякуючы нядаўна падпісанаму ўказу аб садовых таварыствах ад 30 траўня 2023, які істотна паляпшае іх дзейнасць і дае магчымасць аплачваць агароднікам электраэнергію льготнымі тарыфамі.

- Дамы з камунікацыямі прадаюцца лягчэй і даражэй, чым без іх. І хоць лецішчы прадаюцца зараз у большай колькасці, цана жылых дамоў значна вышэйшая. Што ў чарговы раз нам пацвярджае статыстыка, бо ў менскім раёне звыш 100 тысяч было прададзена 16 жылых дамоў, што значна больш, чым лецішчаў у гэтым коштавым дыяпазоне.

Звычайна тыя, хто купляе дамы для жыцця, прадаюць свае кватэры, гаворыць Святлана.

- Дарэчы, крэдыты на куплю загараднай нерухомасці ў асноўным бяруць толькі на больш дарагія аб'екты для пражывання круглы год. Купля лецішчаў і надзелаў абыходзіцца без гэтага.

Асноўная маса ўгод прыйшлася на другую палову траўня, гэтаму спрыялі вялікія святы і пераносы працоўных дзён у канцы красавіка і пачатку траўня. Святлана таксама заўважае, што попыт у гэтым сезоне не дасягае вышынь 2020 года. Закрытыя межы і ковід тады максімальна актывізавалі рынак.

Сярод прадаўцоў вялікі адсотак займаюць беларусы, якія з'ехалі з краіны. Часта прадаюць нерухомасць пасля ўступлення ў спадчыну або ў сувязі са скасаваннем шлюбу. Сярод прадаўцоў, вядома, ёсць тыя, хто будаваў спецыяльна на продаж, радзей калі - пачалі будавацца, але не пацягнулі.

- Самы высокі попыт на куплю загараднай нерухомасці ў межах Мкнскага раёна, але ёсць ахвочыя, якія разглядаюць лакацыю і далей. Некаторыя гатовыя выдаткоўваць паўтары гадзіны на дарогу, абы знайсці ўнікальнае месца з якасным аб'ектам. Рэдка, калі такія запыты звязаны толькі з наяўнасцю лесу, такіх месцаў стае і на бліжэйшых адлегласцях. А вось аб'ект ля вадаёма ці ракі знайсці значна складаней і каштаваць паблізу Менска ён будзе значна даражэйшы, чым у іншым рэгіёне Беларусі. Такія пакупнікі звычайна шукаюць хутар. Сярод людзей з такім запытам часцей сустракаюцца аматары рыбалкі, паляўнічыя і тыя, хто мае магчымасць з'ехаць на ўсё лета, а таксама прадпрымальнікі, якія плануюць адкрыць турыстычны бізнэс і займацца арэндай.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках