22 траўня 2024, Серада, 4:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Адзін заканчваў універсітэт, другі толькі атрымаў павышэнне»

2
«Адзін заканчваў універсітэт, другі толькі атрымаў павышэнне»

Што вядома аб загінулых работніках Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната.

Кіраўніцтва Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната паведаміла, што ў выніку аварыі, якая здарылася 7 чэрвеня, загінулі трое работнікаў: Віктар Раманькоў, Міхаіл Шаціца, Алег Кацуба.

Аварыя адбылася на заводзе беленай цэлюлозы - вытворчым падраздзяленні камбіната.

Усе загінулыя мужчыны былі са Светлагорска, працавалі выпарнікамі лугу, піша nashaniva.com.

24-гадовы Віктар Раманькоў завочна вучыўся ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце на будаўнічым факультэце. Асвойваў вытворчасць будаўнічых вырабаў і канструкцый.

Заканчваў 4-ы курс і 12 чэрвеня збіраўся на сэсію. Быў старастам групы.

«Віктар быў старастам з паклікання. Ён здабыў гэтую годнасць. Заўсёды ўсіх ратаваў і стараўся рабіць для групы толькі найлепшае», - расказала пра загінулага ягоная знаёмка.

31-гадовы Міхаіл Шаціца - выпускнік Светлагорскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа. Праца на заводзе яму падабалася. Незадоўга да аварыі Міхаіла павысілі да майстра сэктара, і гэтым ён ганарыўся, як расказала ягоная знаёмка.

Міхась быў у разводзе. Меў дачку.

«Нягледзячы на развод, з дачкой бачыўся часта і клапаціўся пра яе. Вельмі любіў яе», - кажа суразмоўніца.

Паводле ейных слоў, Міхась меў сяброўку, з якой ён мерыўся ствараць новую сям'ю.

«Міхаіл быў добрым, вясёлым і спагадлівым чалавекам. Любіў рыбаліць, - адзначае жанчына. - Пра яго засталіся самыя цёплыя ўспаміны. Не верыцца, што яго больш няма».

Алег Кацуба меў 42 гады.

Ён служыў у зенітна-ракетных войсках і бываў на вайсковых зборах. На цэлюлозна-кардонным камбінаце працаваў больш за 10 гадоў. Любіў адпачынак на свежым паветры. Захапляўся рыбалкай.

Кіраўніцтва прадпрыемства запэўнівае, што сем'і загінулых атрымаюць матэрыяльную дапамогу.

Пахаванне адбудзецца за кошт камбіната. Прычыны выбуху дагэтуль не вядомыя.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле факту парушэння правілаў бяспекі на выбухованебяспечным прадпрыемстве. Следчыя апытваюць працаўнікоў, вывучаюць дакументацыю.

Пад вечар 7 чэрвеня з'явілася інфармацыя, што падчас пошукава-выратавальных работ на месцы аварыі знайшлі парэшткі трох чалавек.

Раніцай 8 чэрвеня прызналі, што загінулі тры работнікі прадпрыемства. Яшчэ двое атрымалі цялесныя пашкоджанні.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках