3 траўня 2024, Пятніца, 15:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польская пенсія для беларусаў: Якія ўмовы трэба выканаць, каб прэтэндаваць на выплаты

1
Польская пенсія для беларусаў: Якія ўмовы трэба выканаць, каб прэтэндаваць на выплаты

Растлумачыла спецыялістка.

Беларусы могуць атрымліваць польскую пенсію ў Польшчы, нават калі яны ўсё жыццё працавалі ў Беларусі. Гэта стала магчымым дзякуючы дамове паміж дзвюма краінамі, якая набыла моц у 2022 годзе. Аднак ёсць некалькі ўмоваў, якія трэба выканаць.

MOST запытаўся ў супрацоўніцы фонду Okno na wschód Лізы Міцкевіч, як гэта зрабіць і куды пісаць, каб спецыялісты патлумачылі канкрэтную сітуацыю.

Стаж, узрост, адлічэнні: умовы для польскай пенсіі

1 красавіка 2022 года пачала дзеянне дамова паміж Польшчай і Беларуссю аб сацыяльным забеспячэнні. Дакумент быў падпісаны яшчэ ў лютым 2019-га і датычыцца, у першую чаргу, працоўнага стажу. З яго можна вылучыць тры ўмовы, неабходныя для атрымання польскай пенсіі:

– трэба дасягнуць польскага пенсійнага ўзросту: 60 гадоў для жанчынаў і 65 гадоў для мужчынаў;

– трэба прапрацаваць мінімальны тэрмін у Польшчы на «ўмове о працэ», каб былі адлічэнні ў ZUS;

– трэба напрацаваць агульны працоўны стаж 20 гадоў, усё роўна дзе: у Беларусі ці Польшчы.

– Да прыкладу, калі ў чалавека быў у Беларусі стаж 20 гадоў, то ён мае права, прыехаўшы ў Польшчу, атрымліваць мясцовую пенсію. Але для таго ён павінен прапрацаваць тут мінімальны тэрмін, не мае значэння які, каб былі хоць нейкія адлічэнні ў ZUS. Калі ж чалавек прапрацаваў у Беларусі 15 гадоў, то яму трэба прапрацаваць у Польшчы яшчэ пяць гадоў на «ўмове о працэ», каб атрымаўся агульны стаж 20 гадоў, – тлумачыць Ліза.

Чалавек, які не адпрацаваў у Польшчы ні дня, не мае права на польскую пенсію, бо ён не рабіў ніякіх адлічэнняў у ZUS – арганізацыю, якая і займаецца афармленнем дапамог у старасці.

Хто і як лічыць памер пенсіі

Памер польскай пенсіі для беларуса залежыць ад прыбытку падчас працоўнай дзейнасці як у Беларусі, так і ў Польшчы. Усімі падлікамі займаецца ZUS.

– ZUS звяртаецца ў беларускі Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і запытвае інфармацыю пра стаж, напрацаваны ў Беларусі. То-бок чалавеку не трэба ехаць у Беларусь, каб атрымліваць беларускую пенсію. Пасля таго як ZUS атрымлівае інфармацыю з Беларусі, ён складае адлічэнні ў Беларусі і Польшчы і разлічвае памер пенсіі. Калі сума атрымліваецца меншай за мінімальную польскую пенсію, то ZUS можа дафінансаваць яе да гэтага памеру.

Яна дадае, што польскі стаж залічваецца толькі пры працаўладкаванні на «ўмове о працэ». Аднак пры разліку памеру пенсіі бяруцца да ўвагі і іншыя віды дамоваў, такія як «умова злецэня».

Спецыялістка падкрэслівае, што ў беларусаў часта ўзнікаюць пытанні пры афармленні польскай пенсіі, бо, у сутнасці, двухбаковая дамова кажа толькі пра залічэнне стажу. Усё астатняе вельмі індывідуальна.

– Калі ўзнікаюць нейкія пытанні, я параіла б пісаць запыты наўпрост у ZUS з апісаннем канкрэтнай сітуацыі. Установа іх разглядае і дае падрабязны адказ. За Беласток адказвае аддзяленне ў Лодзі.

Ці залічаць польскі стаж у Беларусі?

Двухбаковая дамова прадугледжвае і зваротную магчымасць: атрымліваць беларускую пенсію за стаж, напрацаваны ў Польшчы. Ліза Міцкевіч расказвае, што ў фонду Okno na wschód ёсць інфармацыя, калі людзі прыходзілі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва з такім пытаннем.

– Там адказвалі, што яны ведаюць пра дамову паміж дзвюма краінамі, але ад Польшчы яны прымаць стаж не будуць. Калі няма 20 гадоў працы ў Беларусі, то і пенсіі не будзе. Гэта неафіцыйная інфармацыя – яна ад людзей, з першых вуснаў. На нашыя лісты з падобнымі пытаннямі Фонд сацыяльнай абароны не адказвае.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках