13 траўня 2024, панядзелак, 9:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Вільні пачынаецца гістарычны саміт NATO

6
У Вільні пачынаецца гістарычны саміт NATO

Гэта першае міжнароднае мерапрыемства такога ўзроўню ў Літве.

У аўторак 11 ліпеня ў Вільні пачынаецца двухдзённы саміт NАТО.

У Літве гэта першае міжнароднае мерапрыемства такога ўзроўню, у якім прымуць удзел лідары, кіраўнікі дыпламатыі, міністры абароны і іншыя высокапастаўленыя асобы з больш як 40 замежных дзяржаў, паведамляе delfi.lt.

Паведамляецца, што 11–12 ліпеня ў Вільню прыбудуць больш за 3 тысячы сяброў замежных дэлегацый, блізу 2 тысяч прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый і міжнародных СМІ.

На парадку дня лідараў Альянсу - увага да пытанняў калектыўнай абароны NАТО, узмацнення стрымлівання і падтрымкі Украіны.

На Віленскім саміце Украіна спадзяецца атрымаць выразны сігнал што да перспектывы яе сяброўства ў NАТО. Аднак лідары заходніх краін і Альянсу адзначаюць, што, у сувязі з расейскай вайной ва Украіне, якая працягваецца, пытанне аб яе сяброўстве не можа абмяркоўвацца.

На мінулым тыдні генеральны сакратар NАТО Енс Столтэнбэрг сказаў, што ў Літве Паўночнаатлантычны альянс «пацвердзіць» сваё папярэдняе абавязацельства аб уступленні Украіны ў NАТО ў будучыні.

Ён паведаміў, што лідары таксама дамовяцца аб доўгатэрміновым пакеце падтрымкі, умацаванні палітычных сувязяў - аб стварэнні Рады Украіна- NАТО. Тады ж ЗША заявілі, што Вашынгтон гатовы прапанаваць Украіне такія ж гарантыі бяспекі, як і Ізраілю. Краіны NАТО яшчэ ў 2008 г. дамовіліся, што Украіна стане сябрам Альянсу.

Па меры набліжэння саміту ў Вільні выказвалася надзея, што ў сталіцы Літвы NАТО зможа павітаць Швэцыю ў якасці 32-га чальца Альянсу. Аднак Турцыя і Вугоршчына яшчэ не ратыфікавалі Стакгольмскія дакументы аб уступленні.

Напярэдадні Віленскага саміту генеральны сакратар NАТО Енс Столтэнбэрг разам з прэзідэнтам Турцыі Раджэпам Таіпам Эрдаганам і прэм'ер-міністрам Швэцыі Ульфам Крыстэрсанам селі за супольны стол перамоў для ўрэгулявання двухбаковых супярэчнасцяў.

Пасля некалькіх гадзін перамоў позна ўвечары ў панядзелак стала вядома, што прэзідэнт Турцыі пагадзіўся неадкладна ўнесці ў парламент сваёй краіны для ратыфікацыі пратакол аб уступленні Швэцыі ў NАТО.

Чальцы Альянсу маюць намер дамовіцца аб павелічэнні асігнаванняў на абаронны сектар. У цяперашні час краіны кіруюцца Валійскім пагадненнем ад 2014 г., якое прадугледжвае імкненне краін NАТО да 2024 г. павялічыць выдаткі на нацыянальную абарону не менш як да 2 адсоткаў валавога ўнутранага прадукту (ВУП).

На Віленскім саміце плануецца дамовіцца аб тым, што 2 адсоткі ВУП будзе мінімальным парогам - так званай «падлогай».

Кіраўнікі краін NАТО таксама маюць намер дамовіцца аб неабходнасці надаваць больш увагі ўсходняму флангу Альянса і ўмацоўваць перадавыя сілы NАТО, супрацьпаветраную і супрацьракетную абарону.

Краіны Балтыі імкнуцца значна ўмацаваць сілы стрымлівання і абароны рэгіёна, замацоўваючы абавязанні, прынятыя летась у Мадрыдзе.

Пастановы аб стрымліванні і ўмацаванні абароны, прынятыя на саміце ў Мадрыдзе, таксама ўключаюць двухбаковае пагадненне паміж Нямеччынай і Літвой аб размяшчэнні брыгаднага падраздзялення ў Літве.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках