Андрэй Шарэнда: Знікла сувязь з сотнямі палітвязняў
26- 12.07.2023, 21:56
- 30,032
Муж вязня сумлення б'е трывогу праз сітуацыю ў беларускіх турмах.
Учора, 11 ліпеня, у рэанімацыі Гародні памёр палітвязень, вядомы мастак Алесь Пушкін.
Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Шарэнда, які асабіста быў з ім знаёмы, распавёў сайту Charter97.org, што азначае асоба Пушкіна для Беларусі, а таксама што мы можам зрабіць, каб герояў-палітвязняў перасталі забіваць.
- Я пазнаёміўся з Алесем Пушкіным у 2007-м годзе падчас фестывалю ў Воршы, які праходзіў на Крапівенскім полі ў гонар бітвы 8 верасня. Алесь быў адным з ягоных заснавальнікаў. У тыя гады гэта быў адзін з першых фэстаў, які лукашысты поўнасцю разагналі, не даўшы яго правесці. Я на свае вочы тады бачыў, як Алесь Пушкін ішоў проста на кардоны міліцыі.
Для яго Беларусь заўсёды была на першым месцы. Варта адзначыць, што менавіта Алесю Пушкіну мы павінны быць удзячныя за тое, што ён павысіў нашу беларускую самасвядомасць. Менавіта ён адным з першых стаў адкрыта святкаваць Дзень Волі 25 сакавіка, а 8 верасня - Дзень беларускай вайсковай славы. Без яго гэтыя даты маглі б застацца звычайнымі днямі ў календары.
Жыццё Алеся Пушкіна не было простым. Ён ваяваў у Афганістане, быў першым беларускім палітвязнем. Бо за святкаванне Дня Воля ў 1989 годзе яго першы раз кінулі за краты. Ён быў не толькі мастаком, але і чалавекам, які ўнёс неацэнны ўклад у сучасную культуру і гісторыю.
— Ужо больш за 150 дзён няма вестак ад Мікалая Статкевіча, ніхто не ведае, што з Віктарам Бабарыкам, Ігарам Лосікам, Марыяй Калеснікавай. Чаму рэжым хавае палітвязняў?
- Загнаны ў кут рэжым узнімае стаўкі. Нават тыя санкцыі, што ўжо ўведзены, дзейнічаюць. Эканоміка кульгае, многія прадпрыемствы знаходзяцца на грані закрыцця. Узяць той жа "Беларуськалій". Так, дзесьці ўдаецца абысці санкцыі, але з вялікім намаганнем, і гэта патрабуе ўсё большых фінансавых укладанняў. Адзіная зброя, якая засталася ў Лукашэнкі, - гэта шантаж. Вось ён і шантажуе Захад жыццём людзей.
Жыцці нашых герояў-палітвязняў, маёй жонкі Паліны Шарэндыа-Панасюк у тым ліку, знаходзяцца ў небяспецы, таму што Лукашэнка пойдзе на ўсё для шантажу Захаду. Праз сваякоў палітвязняў ён хоча данесці мэсэдж, што калі не будзе саступак, то ён будзе мучыць і забіваць, калечыць людзей у турмах.
Тое, што пра Статкевіча, Бабарыку, Калеснікаву многія месяцы няма навін, — гэта вяршыня айсберга. Я размаўляю са шматлікімі сваякамі палітвязняў і магу сказаць, што сотні з іх не атрымліваюць вестак ад родных месяцамі, а ў некаторых выпадках даходзіць да года. Людзі баяцца пра гэта казаць, каб не стала яшчэ горш іх родным. На жаль, мы бачым, што сітуацыя і так толькі пагаршаецца. Людзей сотні дзён трымаюць у карцарах, штрафных ізалятарах, таму трэба дзейнічаць, а не мірыцца з гэтым.
— Ці ёсць сувязь паміж тым, што больш за год няма санкцый і ціск на палітвязняў ўзмацніўся?
- Безумоўна, мы бачым, што краіны Захаду знаходзяцца ў памежным стане. На гэта паўплывала і вайна ва Украіне. Сусветныя палітыкі чамусьці думаюць, што Лукашэнка не ўдзельнічае ў вайне і хочуць нейкім спосабам утрымаць яго ад прамога ўдзелу. Але ж Лукашэнка з самага першага дня ўдзельнічае ў вайне! Тэрыторыя Беларусі выкарыстоўвалася для нанясення ўдараў па Украіне, перамяшчэння расейскіх войскаў і стала плацдармам для наступу на Кіеў.
Гэта факты, але заходнія палітыкі чамусьці заплюшчваюць на іх вочы. Ім галоўнае, каб войска Беларусі не ўдзельнічала ў вайне ва Украіне наўпрост. Але варта разумець, што беларускае войска настолькі слабае, што яго ўдзел увогуле ні на што не паўплывае. Лукашэнка ж, дзякуючы памылкам сусветных палітыкаў, карыстаецца тым, што можа на іх ціснуць праз лёсы палітвязняў.
На жаль, Захад ідзе ў яго на павадку. Мы бачым, што санкцыі сапраўды перасталі ўводзіцца і няма кантролю за выкананнем тых, якія ўведзеныя. Кантрабанднымі спосабамі Лукашэнка і надалей працягвае гандаль з краінамі Захаду. На чорны рынак Еўропы нейкім чынам пападаюць і беларускія цыгарэты, і нафтапрадукты, і той жа калій праз іншыя краіны. Гэта проста здзек з усіх чалавечых каштоўнасцяў, калі Еўропа заплюшчвае на гэта вочы і мірыцца з сітуацыяй.
- СМІ апублікавалі імёны і прозвішчы тых, хто судзіў Пушкіна. Як вы думаеце, ці ёсць сэнс у публікацыі імёнаў тых, хто мае дачыненне да рэпрэсій. Ці ўплывае гэта на сітуацыю?
- Вядома, усе імёны, прозвішчы, а таксама фота прыслужнікаў Лукашэнкі, чые рукі ў крыві, павінны быць вядомыя грамадскасці. Трэба разумець, што нас сапраўды большасць. У Беларусі 95% насельніцтва ненавідзіць Лукашэнку.
Не сакрэт, што публічнасць дзейнічае. Гэтыя людзі становяцца выгнанцамі ў грамадстве. Успомнім выпадак, які адбыўся днямі. Стала вядома, што адзін з у высокапастаўленых міліцыянтаў Кобрына наклаў на сябе рукі.
Усе гэтыя людзі з нячыстым сумленнем і рукамі ў крыві павінны панесці пакаранне перад законам, а пакуль гэта немагчыма - перад грамадствам.
- Якія санкцыі сёння патрэбныя, каб палітвязняў перасталі забіваць?
- Большасць дзейных санкцый былі ўведзеныя не з-за таго, што Лукашэнка калечыць і забівае палітвязняў, а з іншых прычынах. Зараз жа, калі смерці палітвязняў сталі частымі і сталі (як бы гэта жахліва не гучала) штодзённасцю, то мы і сусветныя палітыкі не павінны заплюшчваць вочы на гэта. Калі яны заплюшчваюць вочы, то проста спрыяюць далейшым забойствам.
Я, муж палітычнай зняволенай, б'ю трывогу і кажу, што жыццё нашых родных у небяспецы. Каб гэта спыніць, трэба зрабіць рэжым Лукашэнкі поўным выгнанцам, цалкам закрыць межы як для пасажырскага, так і для грузавога транспарту. Павінны быць выключэнні для беларусаў, якія выязджаюць з гуманітарнымі візамі.
Павінны быць спынены культурныя і спартовыя сувязі з усімі, хто звязаны з рэжымам. Заклікаюць улады краін ЕЗ пачаць і працэдуру арышту дзяржмаёмасці Беларусі і алігархаў, якія звязаны з рэжымам Лукашэнкі.
Павінны быць спынены і ўсе дыпламатычныя стасункі з рэжымам. Беларускія дыпламаты павінны быць высланыя, а на маёмасць пасольстваў накладзены арышт. На гэта ўсё патрэбная толькі палітычная воля.