Лаўроў і Захарава занэрваваліся праз заяву Азербайджана аб «выбарах» РФ на тэрыторыі Украіны
8- 14.09.2023, 10:02
- 10,432
Расейскае МЗС засмуцілася праз «непавагу» са стараны Баку.
Міністэрству замежных спраў Расіі не спадабалася заява калег з Азербайджана аб непрызнанні выбараў на часова акупаваных расейскімі войскамі тэрыторыях Украіны.
Аб гэтым прэсавая сакратарка МЗС РФ Марыя Захарава заявіла на брыфінгу ў рамках Усходняга эканамічнага форуму, паведамляе ТАСС.
«Такія ацэнкі… не стасуюцца з хаўрусніцкім узроўнем стасункаў паміж нашымі краінамі. Таму перад азербайджанскай стараной быў праведзены дыпламатычны дэмарш. Мы выказалі ўсё з гэтай нагоды», — сказала Захарава.
Яна заявіла, што "ў Баку павінны ставіцца да пытанняў тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны з той жа павагай, на якую нашы партнёры разлічваюць ужо з нашай стараны, калі размова ідзе аб тэрытарыяльнай цэласнасці Азербайджанскай Рэспублікі".
Напярэдадні МЗС Азербайджана заявіла, што ўсякія выбары, якія праводзяцца на тэрыторыі Украіны, павінны адпавядаць Канстытуцыі і заканадаўству гэтай дзяржавы. Таму выбары, якія арганізавала РФ на часова акупаваных тэрыторыях Украіны "не могуць мець ніякага юрыдычнага дзеяння".
«Гэтая прынцыповая пазіцыя Азербайджана грунтуецца на агульнапрынятых нормах і прынцыпах міжнароднага права што да павагі правоў дзяржаў, уласцівых іх суверэнітэту. Апошнія «выбары» на частцы міжнародна прызнаных тэрыторый Украіны не адпавядалі гэтым крытэрам, а таму не могуць мець ніякага юрыдычнага дзеяння».