Кіраўнік МЗС Беларусі выпаў з рэальнасці
16- 21.09.2023, 21:08
- 26,468

Сяргей Алейнік не ведае, што рэжым Лукашэнкі з'яўляецца памагатым агрэсіі РФ супраць Украіны.
Кіраўнік беларускай знешнепалітычнай установы Сяргей Алейнік назваў «поўным абсурдам» абвінавачванні рэжыму Лукашэнкі ў дапамозе агрэсіі ў сувязі з вайной ва Украіне. Пра гэта ён заявіў на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН, паведамляе БелТА.
«Поўным абсурдам выглядаюць абвінавачанні Беларусі ў “дапамозе агрэсіі”. Нагадваю, што летась на тэрыторыі нашай краіны прайшлі тры раўнды расейска-ўкраінскіх мірных перамоваў», – сказаў міністр.
У верасні Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой асудзіў удзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расеі супраць Украіны, у распальванні нянавісці, дэзынфармацыі і прапагандзе, што «пераклікаецца з ваяўнічай рыторыкай Масквы».
З тэрыторыі Беларусі Расеяй былі выпушчаныя сотні ракетаў па Украіне. У пачатку поўнамаштабнай вайны акупанты з РФ праз тэрыторыю Беларусі калонамі і пры падтрымцы авіяцыі ішлі на Кіеў.
Еўрапарламент заклікаў Міжнародны крымінальны суд разгледзець магчымасць выдачы ордара на арышт Лукашэнкі, гаворыцца ў тэксце рэзалюцыі, падпісанай у Страсбургу.