Беларуска знайшла ў лякарні прусакоў
12- 21.10.2024, 18:58
- 9,830
Вось што ёй адказалі.
У рэдакцыю «Анлайнера» звярнулася чытачка і паскардзілася на антысанітарыю ў адной з менскіх лякарняў, куды яна патрапіла разам з дзіцем. Паводле словаў жанчыны, ёй з аднагадовай дачкой давялося спаць у палаце з прусакамі. «Персанал пра гэта ведае, але нічога не робіць», – запэўніла нас пацыентка. Пасля выпіскі яна напісала тры звароты – у лякарню, у рэгіянальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, а таксама ў Міністэрства аховы здароўя.
Лізавета расказвае: пасля таго як знайшла прусакоў у палаце, адразу ж паведаміла пра гэта персаналу лякарні.
– Мне было сказана, што яны ва ўсіх лякарнях жывуць. Але я ляжала ў іншых лякарнях і скажу з упэўненасцю: гэта не так <…> Я спрабавала справіцца з прусакамі самастойна, заляпіўшы шчыліны, адкуль яны проста лезуць начамі. У адказ на гэта старэйшая медсястра прыйшла да мяне з дакументамі і пагрозамі штрафу за псаванне маёмасці. Пасля таго як нас перасялілі ў іншую палату, сітуацыя не памянялася. Там таксама былі прусакі. Я спаць не магла праз гэта, – успамінае беларуска.
Пасля выпісу беларуска пастанвіла напісаць скаргі адразу ў некалькі інстанцый. У адказе з лякарні гаворыцца, што была праведзеная ацэнка ўсіх памяшканняў таго аддзялення, у якім ляжала пацыентка. Слядоў прусакоў не знайшлося, іншыя пацыенты не скардзіліся на насякомых.
Пры гэтым у шпіталі не адмаўляюць таго факту, што жанчына сапраўды магла назіраць прусакоў у сваёй палаце:
«Гэты від насякомых з'яўляецца змрокавым і не выходзіць у дзённы час з хованак у сілу сваіх біялагічных асаблівасцяў. Факт выяўлення вамі ў дзённы час прусакоў сведчыць, што яны зазналі ўздзеянне атруты, якая былі раскладзеная падчас правядзення дэзінсекцыйных мерапрыемстваў», – растлумачылі ў лякарні.
У лісце гаворыцца, што дэзінсекцыйныя мерапрыемствы ў лякарні праводзяцца іншай арганізацыяй на падставе заключанай дамовы. Два разы на месяц спецыялісты гэтай арганізацыі праводзяць ацэнку заселенасці прусакамі, апрацоўваюць памяшканні (у тым ліку палаты) і ўстанаўліваюць пасткі.
Лізавета таксама атрымала афіцыйны адказ ад рэгіянальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Спецыялісты запэўнілі, што пасля атрымання скаргі выехалі на месца і правялі энтамалагічную ацэнку.
«Дэзінсекцыйныя мерапрыемствы праводзяцца ў планавым парадку, выкарыстоўваюцца пасткі і іншыя сродкі, дазволеныя да ўжывання ў прысутнасці людзей. Санітарна-тэхнічны стан памяшканняў здавальняльны, планавая ўборка праведзеная якасна», – да такой высновы прыйшлі ў цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.
Паволде рэкамендацыі санэпідслужбы ў лякарні павінны ўзмацніць кантроль у правядзенні дэзінсекцыйных мерапрыемстваў.