Гісторыя палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк, якой ужо тры разы падаўжалі тэрмін
2- 30.10.2024, 16:15
- 4,408
Апошні прысуд вынеслі 15 кастрычніка.
«Беларуская Жанна д'Арк» Паліна Шарэнда-Панасюк, якая на першым пасяджэнні па сваёй справе назвала суд «сталінскай тройкай» і адмовілася ўставаць перад суддзямі, ужо амаль чатыры гады знаходзіцца за кратамі. Пасля першапачатковага двухгадовага прысуду яе судзілі яшчэ тры разы - кожны раз дадаючы па году. Апошні прысуд вынеслі 15 кастрычніка. Паліна Шарэнда-Панасюк прайшла праз катаванні, штрафны ізалятар, псіхіятрычныя экспертызы. Чаму беларускія ўлады так баяцца яе?
Журналісты беларускай службы “Радыё Свабода” паразмаўлялі з мужам і сябрамі Паліны.
«Захопленая ў палон трэцяга студзеня»
«Я буду сведчыць толькі ў Міжнародным трыбунале аб злачынствах Лукашэнкі», - заявіла актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Паліна Шарэнда-Панасюк у судзе Берасця 7 чэрвеня 2021 года. Яе абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса - «Гвалт або пагроза выкарыстання насілля ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» (арт.364), «Абраза прэзідэнта» (арт.368) і «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт.369). Паводле матэрыялаў справы пацярпелымі выступілі сем міліцыянераў.
«З якога дня пад вартай?» - спытаў суддзя ў пачатку працэсу. «Захопленая ў палон трэцяга студзеня», - адказала яна.
У той дзень, трэцяга студзеня 2021 года, у дом Шарэндаў уварваліся міліцыянты для правядзення ператрусу. Мужа Паліны затрымалі некалькімі днямі раней, ён знаходзіўся ў СІЗА. Жанчына адмовілася адчыняць дзверы - але сілавікі іх узламалі, а Паліну арыштавалі. Нагодай стала відэа ў тэлеграме, дзе актывістка, выкарыстоўваючы нецэнзурную лексіку, называла міліцыянтаў, якія затрымалі яе мужа, фашыстамі і карнікамі.
Падчас следства і ў судзе Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася даваць паказанні, падкрэсліваючы, што не прызнае суд: «Палітычныя рэпрэсіі не маюць нічога агульнага з правасуддзем».
У той раз Паліну прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі. Неўзабаве яе адправілі на псіхіятрычную экспертызу, якая паказала, што абвінавачаная не мае ніякіх адхіленняў і не мае патрэбы ў лячэнні.
Пасля гэтага актывістка праходзіла падобныя экспертызы яшчэ тройчы. Мноства разоў Паліна трапляла ў ШІЗА, карцары і ПКТ (памяшканне камернага тыпу са стражэйшым рэжымам утрымання – НВ). Паводле звестак на красавік 2023 года, Шарэнда-Панасюк правяла ў гэтых камерах больш за 180 дзён. Некаторы час яе пазбаўлялі прадуктовых перадач, а неабходныя лекі, са слоў мужа Паліны, дагэтуль не прапускаюць.
Двойчы - у 2022-м і 2023 годзе - актывістцы дадавалі яшчэ па адным годзе зняволення за нібыта непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. Са слоў праваабаронцаў, яна стала першай беларускай жанчынай, супраць якой ужылі гэты артыкул.
У 2024 годзе, калі тэрмін яе зняволення павінен быў скончыцца, Паліну Шарэнду-Панасюк паказалі ў прапагандысцкім фільме на беларускай тэлевізіі. Аднак на волю яна не выйшла.
14 кастрычніка ў Рэчыцы пачаўся чацвёрты суд над Палінай: суддзя Станіслаў Іванюценка, які раней ужо выносіў ёй прысуд, дадаў асуджанай яшчэ адзін год турмы.
Беларускія праваабаронцы прызналі Паліну Шарэнду-Панасюк палітычнай зняволенай.
Нягледзячы на невыносныя ўмовы і ціск, Паліна працягвала змагацца за свае правы нават за кратамі. Калі была магчымасць, яна перадавала праз адваката паведамленні аб парушэннях сваіх правоў. Улетку 2023 года Шарэнда-Панасюк абвясціла галадоўку, якую спыніла праз тыдзень, бо, з паведамленняў, яе патрабаванні аб больш людскіх умовах утрымання былі задаволеныя.
Муж Паліны Андрэй кажа, што яна не цярпіць хлусні і не можа мірыцца з несправядлівасцю, праз што і цярпіць у турме.
«Бунтарства ў яе ў крыві, – распавядае Андрэй Шарэнда. - Хтосьці кажа, што ў Паліны запальчывы характар. А мне падаецца, што гэта тыповая рыса беларускіх жанчын - у большасці сапраўдных беларусак закладзены дух свабоды, дух волі. Можа, гэта звязанае з мноствам войнаў, якія прайшлі на тэрыторыі Беларусі, Вялікага княства Літоўскага, калі нішчылі мужчын, а жанчыны працягвалі іх змаганне. Гэта мы бачым на прыкладах Эміліі Плятэр, Ларысы Геніюш, якія з'яўляюцца для Паліны сімваламі, жыццёвымі арыенцірамі».
«Дзеці не тое каб страцілі надзею, але ўжо нікому не вераць»
Цяпер Андрэй Шарэнда з двума сынамі жыве ў Літве. У 2020 годзе ён больш за 70 дзён правёў пад арыштам за ўдзел у пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў. У 2021 годзе, 31 траўня, яго затрымалі за інтэрв'ю, у якім нібыта змяшчаліся «заклікі да дзеянняў, якія прычыняць шкоду нацыянальнай бяспецы» і «абразу Лукашэнкі». На той момант Паліна ўжо была за кратамі, і Андрэю, на апецы якога былі двое непаўналетніх дзяцей, прызначылі хатні арышт. Яму ўдалося ўцячы за мяжу.
«За амаль чатыры гады турмы Паліне не далі зрабіць ніводнага званка [родным], яна не чула дзяцей, не бачыла іх, – расказвае Андрэй. - Паліна - выдатная маці, і гэта для яе ўдар ніжэй пояса - нічога не ведаць пра дзяцей. Я з зайздрасцю чую ад іншых палітвязняў, што яны могуць бачыць дзяцей па відэасувязі, размаўляць з імі. У нас такога не было ні разу».
Больш за шэсць месяцаў Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзілася ў стане інкамунікада - ні ад яе, ні да яе не даходзілі паведамленні і лісты. Для маці гэта самае вялікае выпрабаванне, калі яна не ведае, што з яе дзецьмі, упэўнены яе муж Андрэй.
«Гэтымі катаваннямі рэжым Лукашэнкі дамогся свайго - ім атрымалася зняць відэа з Палінай. Дакладна незразумела, якія былі ўмовы і пад якім ціскам яна пайшла на гэта», - кажа Шарэнда.
Рэжым Лукашэнкі перыядычна выпускае відэаролікі з удзелам палітвязняў. Пры гэтым выкарыстоўваюцца здымкі ўтоенай камерай, мантаж. Умовы, у якіх вязні змушаныя размаўляць з прапагандыстамі, невядомыя. Часам пасля выхаду такіх фільмаў асуджаных вызваляюць. Але з Палінай гэтага не здарылася, хаця яе тэрмін павінен быў скончыцца сёлета.
Старэйшаму сыну Шарэнды Славаміру-Вітаўту 15 гадоў, сёлета ён паступіў у ліцэй у Варшаве. Малодшаму - Стаху - восем гадоў, ён вучыцца ў школе ў Вільні.
«Самае цяжкае для мяне - не проста растлумачыць сынам, дзе іх маці, а калі яна вернецца. Мы ўжо тры разы чакалі, што вось-вось... Гэтым летам, калі 21 траўня Паліна павінна была выйсці на волю, дзеці ўжо марылі аб адпачынку разам. Гэта быў шок і ступар, калі яе не вызвалілі. Дзеці не тое, каб страцілі надзею, яны больш нікому не вераць, нават мне», - уздыхае Андрэй. Ён расказвае, што старэйшы сын рэагуе вельмі балюча. Малодшы таксама пачаў разумець, што забралі маму не нейкія злыя дзядзькі, а сістэма.
«Быў перыяд, калі Стах пачаў забываць сваю маці, яна станавілася нейкай смутнай выявай, гублялася блізкасць. Гэта было вельмі балюча, - прызнаецца Андрэй. – Цяпер, на шчасце, малодшы сын сам пачаў цікавіцца мамай, кажа, што вельмі яе чакае, любіць, просіць уключыць відэа з ёй».
Для Паліны - сапраўдная трагедыя не бачыць, як растуць яе дзеці, кажа сябра сям'і, журналіст Андрэй Ляўчук:
«Мы, сябры, былі апошнімі, хто бачыў Паліну на волі. Зайшлі да іх другога студзеня 2021 года, Андрэй быў ужо пад арыштам. Малодшае дзіця, Стах, сказала нам: «Паглядзіце, якая ў нас прыгожая ялінка!» На наступны дзень затрымалі і Паліну. І вось тую ялінку дзеці не разбіралі да лета - маўляў, вернецца мама, тады і прыбярэм яе. Але ўлетку Андрэю з дзецьмі давялося ўцякаць».
Андрэй Шарэнда расказвае: калі ў іх нарадзіўся першы сын, Паліна захацела выбраць імя самастойна.
«Мне давялося саступіць. Яна вельмі доўга выбірала. Спынілася на падвойным імені - Славамір-Вітаўт, спалучэнні сучаснасці і старажытнасці.
Праўда, і для малодшага сына імя выбрала таксама Паліна. Яго клічуць Стах. Паліна - вельмі адказная маці, яна заўсёды турбуецца аб сваіх дзецях і іх здароўі. А як смачна яна гатуе! Паліна, праўда, найлепшая мама на свеце!» – перакананы Андрэй.
Муж Паліны кажа, што вельмі ўдзячны сваёй цешчы Веры: яна ўзяла на сябе ўсе клопаты па перадачах і пасылках для Паліны: нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, раз на тыдзень едзе з Берасця ў Гомель ці Рэчыцу.
«На яе плечы лёг такі цяжар! Гэта немагчыма вытрымаць. Мне давялося з'ехаць, і ўтрыманне Паліны лягло на яе плечы. Сотні паездак, зборы перадач і пасылак... Яна вельмі моцны і ўстойлівы чалавек. І неймаверна адукаваная, інтэлігентная жанчына», - падкрэслівае Андрэй.
Ад «Маладога фронту» да парламента
Паліна і Андрэй пазнаёміліся напрыканцы 1990-х, актывістка тады ўзначальвала берасцейскае аддзяленне «Маладога фронту».
«Першыя некалькі год мы былі проста знаёмымі. Паліна час ад часу забяспечвала нас «сродкамі барацьбы» - фарбай, улёткамі. А сур'ёзна сустракацца пачалі недзе ў 2005 годзе», – узгадвае муж Паліны.
У 2006 годзе яны аказаліся ў ініцыятыўнай групе апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча. У сакавіку Андрэй і Паліна адправіліся ў цэнтр Менска на так званую плошчу Каліноўскага, дзе актывісты разбілі намётавае мястэчка ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.
Акрамя грамадскай актыўнасці, іх з Палінай аб'ядноўвала любоў да прыроды, расказвае Андрэй. Яны пачалі разам хадзіць па грыбы, у паходы. Паступова агульныя інтарэсы і сяброўства перараслі ў каханне. У 2009 годзе Андрэй і Паліна ажаніліся. Спачатку пара жыла разам з бацькамі Андрэя, у іх быў асобны пакой.
«Калі мы пачалі жыць разам, мне давялося цалкам перабудаваць сваё жыццё, бо Паліна такая акуратыстка! У доме заўсёды падтрымлівала ідэальную чысціню, каб усё было на сваіх месцах, каб ніводнай пылінкі не было», – узгадвае Андрэй.
У 2017 годзе сям'я актыўна выступала супраць дэкрэта аб «дармаедах», за што Андрэя затрымлівалі (ён адседзеў 30 дзён).
На парламенцкіх выбарах 2019 года Паліна стала кандыдатам у дэпутаты ад грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», але пасля тэлезвароту Шарэнду-Панасюк знялі з выбараў.
«Мы часта ладзілі дзёрзкія акцыі, аднойчы ўпрыгожылі Берасцейскую цытадэль бел-чырвона-белымі сцягамі, - узгадвае журналіст Алесь Ляўчук канец 1990-х і «Малады фронт». - Паліна заўсёды ішла да канца, як танк, ніколі не спынялася і была бескампраміснай. Яна адразу заявіла, што лукашысты - гэта ворагі, з імі нельга весці ніякіх перамоў. У 2019 годзе, калі яна ішла ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, яе выступ на тэлевізіі быў яскравым - яна адкрыта назвала Лукашэнку дыктатарам».
Паводле адукацыі Паліна - гісторык, скончыла Берасцейскі ўніверсітэт, але, са слоў мужа, працавала па спецыяльнасці ў беларускамоўнай школе ўсяго год.
«У канцы 1990-х сістэма Лукашэнкі пачала знішчаць усё беларускае. Беларускамоўную школу, дзе яна выкладала, закрылі, і Паліна не змагла больш працаваць у сістэме адукацыі, - распавядае Андрэй Шарэнда. - Потым яна вучылася ў Варшаўскім універсітэце на палітолага, атрымлівала стыпендыю Лэйна Кіркланда. Абараніла магістарскую дысертацыю, апошнія гады працавала рэпетытаркай польскай мовы і гісторыі».
Ён дадае, што Паліна шмат чытала - у кожную вольную хвіліну. Кожны месяц хадзіла ў абласную бібліятэку.
«Яна набірала цэлы стос, паўтара-два дзясяткі кніг. У асноўным чытала гістарычную літаратуру. Але яе захапленне - навуковая фантастыка. Яна перачытала ўсіх класікаў навуковай фантастыкі, - успамінае муж. - З цікавасцю глядзела гістарычныя і навукова-фантастычныя фільмы і серыялы. Паліна магла падтрымаць размову на ўсякую тэму, бо прачытала тысячы кніг. У яе магутны інтэлект».
За кратамі Паліна Шарэнда-Панасюк таксама шмат чытае. Былая палітзняволеная Ганна Вішняк у 2021 годзе знаходзілася з Палінай у адным атрадзе Гомельскай жаночай калоніі №4.
«Паліна ўвесь вольны час бавіла з кнігамі – яе хоць і не пускалі ў бібліятэку, але кнігі ўсё ж давалі. Я бачыла яе з кнігамі на беларускай мове, з творамі Святланы Алексіевіч. А вось тэлевізар і серыялы яна не любіла глядзець, - успамінае Ганна. - У калоніі была крымінальніца Аліна, якая не першы раз сядзела, але ў яе было маленькае дзіця, таму яе трымалі ў калоніі для тых, хто ўпершыню асуджаны. Гэтая жанчына нават не мела базавай адукацыі. Так Паліна сур'ёзна займалася з ёй беларускай мовай, дыктавала заданні і дапамагала з дамашнімі заданнямі. Прычым займалася не па 5-10 хвілін, а па паўтары-дзве гадзіны кожны вечар, калі астатнія глядзелі тэлевізар».
Ганна Вішняк зазначае, што Паліна яе вельмі падтрымлівала ў калоніі.
«Калі мяне толькі прывезлі туды, Паліна стаяла з Кацяй Андрэевай (палітзняволеная журналістка тэлеканала «Белсат» - РС), і нас траіх выклікалі на допыт да начальніка па прозвішчы Збароўскі. Я тады нічога не ведала пра Паліну, але паколькі яна была з Кацяй, я зразумела, што гэта наш чалавек! Я была вельмі прыгнечаная, разгубленая, а Паліна памахала мне рукой. Часта дапамагала мне разумнымі і ўзважанымі парадамі», – успамінае былая сукамерніца Шарэнды-Панасюк.
Вясной 2024 года Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў стаўленні да жанчын заклікаў Беларусь ужыць тэрміновыя захады для абароны Паліны Шарэнды-Панасюк.
У ліпені сваякі даведаліся, што Паліне дыягнаставалі хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці. Нядаўна муж палітзняволенай паведаміў аб значным пагаршэнні яе здароўя.