«Трупы, трупы, трупы нашых»
13- 14.11.2024, 21:10
- 17,168
Z-прапагандыст апублікаваў дзённік расейскага акупанта.
Расейскі Z-блогер Максім Калашнікаў апублікаваў «Дзённік старога-навабранца» – аповед расейскага штурмавіка, які ледзь не загінуў у Харкаўскай вобласці Украіны і прыйшоў да высновы, што ваяваць больш не хоча. Дзеянне адбываецца пад Ваўчанскам, які расейскія войскі дарэмна спрабуюць захапіць з траўня 2024 года.
«Пяцьдзясят метраў. Можа, і менш. У шэрай перадсвітальнай смузе ці вечаровым сутонні дакладна адлегласць вызначыць не атрымліваецца. У іншы час выглядаць са склепа цалкам разбуранага будынка катэгарычна не рэкамендуецца. Ды і сам склеп збольшага завалены абломкамі бетонных бэлек, плітаў і металічных канструкцый. Пад імі хаваюся восьмы дзень. Снайперская куля прашыла нагу. Добра, прайшла па мяккіх тканках. Скразная дзірка неслабая! Палец прасунуць можна.
“Пяцьдзясят метраў, не больш”, – кажуць тыя, хто здолеў пераадолець гэтую адлегласць у наш бок. Шлях завалены абломкамі, будаўнічым смеццем і трупамі. Трупы, трупы, трупы нашых байцоў. Яны відаць усюды. Наколькі дастае вока – усюды мерцвякі. Яны ляжаць і ў склепе, дзе мы хаваемся, хто толькі яшчэ дзень, хто – пятнаццаты. Доўга ляжаць тыя, хто сам перамяшчацца не можа. Ім неабходная эвакуацыя. А яе няма і яна не прадбачыцца.
Гэтыя пяцьдзясят метраў пад поўным кантролем бандэраўскіх дронаў і снайпераў. Калі дроны не лётаюць, усё прастрэльваецца з мінамётаў.
Іх карэктавальнікі не спяць на пасту – варта каму з нашых на некалькі секундаў з'явіцца на адкрытай прасторы, як па ім тут жа прылятае некалькі мінаў.
Загінулых і памерлых ад ранаў шмат. Яны ўжо ляжаць у два-тры пласты ўшчыльную да параненых. Устойлівы трупны пах і пах гнілога мяса ранаў апанаваў склеп.
Хлопцы гніюць, і санітар не можа ім нічым дапамагчы. Дае толькі абязбольнікі, якія дастаўляюцца дронам. Лекі і блок цыгарэтаў, вось і ўся дапамога ад тых, хто сядзіць усяго за пяцьдзясят метраў ад нас.
Дыхаць можна толькі кароткімі ўздыхамі. Пачаўся змрок, на небе ходзяць хмары, вецер пачаў дзьмуць парывамі. Па рацыі ўсім параненым, хто можа самастойна перасоўвацца, рэкамендуецца “рабіць ногі”. Замотваю скотчам разрэзаныя пры бінтаванні штаны. Асцярожна выглядаю са склепа. Гудзенне прымушае нырнуць назад. І так – цягам прыкладна гадзіны гуляю ў слухалкі-глядзелкі. “Птушкі” лётаюць зграямі. Ледзь заціхла. Прыслухваюся. Наважваюся. Рывок вонкі. За мной – Ігарок. У яго раздробненая рука, але абедзве нагі цэлыя. Пераскокваем праз аднаго забітага, другога. Цяпер – трошку на пад'ём і ў дзірку ў сеткаватым плоце. Як ні імкнуся дакладней прыцэліцца, усё роўна зачапіўся шапкай за плот. Яна там і засталася. Большая палова шляху пройдзеная! Яшчэ крыху – і ты ў бяспецы.
Шырк. Ззаду выбух. Гарачая хваля прайшлася па мне. Аглядацца – страціць некалькі нават не секундаў, а імгненняў. Усё роўна павярнуў галаву. Дрон-камікадзэ трапіў у Ігарка. Яго нежывога адкінула ўбок.
Раблю апошні кідок і, праскочыўшы паміж пакарабачанымі створкамі брамы, трапляю ў даволі бяспечнае месца. Чуюцца разрывы некалькіх мінаў. Ці бег хто за намі, не ведаю. Калі хто і пабег яшчэ, то яму дакладна не пашанцавала…
Ці пайду я на фронт яшчэ? Спадзяюся, рана будзе гаіцца доўга. Калі ты ведаеш, што цябе ніхто не будзе ратаваць, дык жаданне ваяваць знікае назусім…»