У конкурсе «Міс Сусвет» перамагла датчанка
7- 17.11.2024, 10:55
- 4,618
Беларусь брала ўдзел упершыню.
Фінал конкурсу «Міс Сусвет 2024» скончыўся ў Мехіка ў ноч з 16 на 17 лістапада. Упершыню пераможцай стала прадстаўніца Даніі, паведамляе CNN. Беларусь, нагадаем, брала ўдзел у конкурсе ўпершыню. І які вынік?
Карону і тытул «Міс Сусвет 2024» атрымала Вікторыя К'ер Тэйлвіг з Даніі. 21-гадовая танцорка, прадпрымальніца і юрыстка-пачатковец змагалася з 124 прэтэндэнткамі і атрымала перамогу на штогадовым конкурсе прыгажосці ў Мехіка. Карону ёй уручала пераможца «Міс Сусвет 2023» Шэйніс Алондра Паласіёс Карнеха з Нікарагуа.
Калі Тэйлвінг спыталі, што б яна сказала гледачам, тая заклікала іх «працягваць змагацца незалежна ад таго, адкуль вы родам».
- Я стаю тут сёння, бо хачу перамен, хачу тварыць гісторыю, і менавіта гэта я раблю сёння вечарам, - сказала яна.
Чыдзіма Адэтшына з Нігерыі заняла першае месца, а Марыя Фернанда Бельтран з Мексікі - другое. Затым ідуць Сучата Чуангсры з Тайланда і Ілеана Маркес Пэдраса з Венесуэлы. Прычым Пэдраса, 28-гадовая маці, увайшла ў гісторыю, апынуўшыся ў першай пяцёрцы пасля таго, як у апошнія гады конкурс зняў некалькі абмежаванняў.
У топ-12, якіх на конкурсе адабралі пасля дэфіле ў купальніках, таксама ўвайшлі канкурсанткі з Аргенціны, Балівіі, Канады, Чылі, Перу, Пуэрта-Рыка і Расеі.
Усяго ж у «Міс Сусвет 2024» бралі ўдзел 125 удзельніц. Але да фіналу дайшлі толькі 30. Журы адабрала іх, грунтуючыся на выніках папярэдняга мерапрыемства ў чацвер, якое складалася з конкурсу нацыянальных строяў.
Для беларускай удзельніцы Элеаноры Качалоўскай строй стварала мастачка Лідзія Малашэнка паводле «папараць-кветкі» ў зялёным колеры. Аднак гэта ёй не дапамагло. Качалоўская ў фінал не прайшла.
Нагадаем, у нацыянальным адборы на конкурс «Міс Сусвет 2024» перамагла Карына Кісялёва. Менавіта яна мусіла паехаць у Мехіка. Аднак яе нечакана замянілі на Качалоўскую. А ўжо пазней, як паведамляла выданне «Наша Ніва», яна апынулася ў СІЗА. Але прычыны затрымання, хутчэй за ўсё, не палітычныя.