У Менску падлеткі ўтапілі ў Свіслачы шэсць шэрынгавых электрасамакатаў
8- 2.11.2024, 15:15
- 6,922
Няпоўнагадовых знайшлі праз запісы камераў відэаназірання.
На разгляд у суд накіраваная крымінальная справа ў дачыненні да двух хлопцаў, якіх абвінавачваюць у здзяйсненні злоснага хуліганства, піша агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на пракуратуру.
Паведамляецца, што 16-гадовы і 17-гадовы хлопцы вярталіся позняй ноччу з камп'ютарнага клуба. Праходзячы па набярэжнай Свіслачы, яны ўбачылі чатыры шэрынгавыя самакаты. Адзін з іх прапанаваў кінуць іх у раку, што яны і зрабілі.
Праз некалькі дзён маладыя людзі ўтапілі яшчэ два электрасамакаты. Агульны памер нанесенай шэрынгавай кампаніі шкоды склаў больш за 3600 рублёў.
Няпоўнагадовых знайшлі праз запісы камераў відэаназірання. На іх пачалі крымінальную справу.
– Адзін з абвінавачаных навучаецца ў 10-м класе адной са сталічных школаў, ягоны змоўнік – навучэнец каледжа, які раней ужо меў праблемы з законам, – расказалі ў пракуратуры. – Ім прад'яўленае абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 339 КК (Злоснае хуліганства).
У дачыненні да хлопцаў абраны захад стрымання ў выглядзе аддачы няпоўнагадовых пад нагляд.