Кіраўнік Мінабароны ЗША: Пуцін не дасягнуў ніводнай са сваіх стратэгічных мэт ва Украіне
8- 2.11.2024, 17:14
- 3,480
За амаль 1000 дзён вайны.
Кіраўнік Крамля Пуцін не дасягнуў ніводнай са сваіх стратэгічных мэт у вайне ва Украіне. І гэта нягледзячы на амаль 1000 дзён баёў.
Такое меркаванне выказаў міністр абароны ЗША Лойд Осцін, піша РБК-Украіна са спасылкай на яго калонку для Foreign Affairs.
- Пасля амаль 1000 дзён вайны Пуцін не дасягнуў ніводнай са сваіх стратэгічных мэт. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не ўцёк. Кіеў не здаўся. І Украіна не здалася, - канстатуе ён.
Замест гэтага, са слоў кіраўніка Пентагона, Расея заплаціла «ашаламляльную цану за імперскую дурасць Пуціна».
«Сотні тысяч расейскіх ахвяр з лютага 2022 года і больш за 200 млрд даляраў былі выдаткаваныя марна», - дадае кіраўнік абароннага ведамства.
Ён прывёў звесткі Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў, паводле якіх страты Расеі толькі за першы год вайны перавысілі страты Масквы ва ўсіх яе канфліктах з часоў Другой сусветнай вайны, разам узятых.
«Украіна жудасна пацярпела ад рук Пуціна. Але, як я зноў убачыў у Кіеве на мінулым тыдні, Украіна стаіць непахісна - і нават адужэла», - канстатуе міністр.