У Будслаўскім касцёле адкрылі невядомыя раней роспісы
- 8.11.2024, 11:27
- 3,324
Нядаўні пажар змыў векавы пабел і раскрыў жывапіс мастака-ілюзіяніста.
З касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі 31 кастрычніка знялі страховачную канструкцыю, устаноўленую пад купалам базілікі пасля пажару. Нагадаем, пажар, які здарыўся ў траўні 2021 года, поўнасцю знішчыў дах храма, піша «Наша Нiва».
Агонь і вада, якой яго тушылі, нанеслі шкоду скляпенням і купалу касцёла. У храме правялі інжынерныя абследаванні, якія паказалі, што купал над міжкрыжаваннем пасля пажару знаходзіцца ў перадаварыйным стане. Каб прадухіліць яго абрынанне ўнутр, праектам першачарговых работ была распрацаваная канструкцыя страхоўкі купала, якая складалася з металічнай асновы, драўлянага насцілу і кружала.
Страхоўка засталася нават пасля таго, як у снежні 2021 года парафія атрымала дазвол на часовую эксплуатацыю святыні. Толькі ў траўні-чэрвені 2022 года ўмацавалі канструкцыю купала: яго звонку апрацавалі спецыяльным растворам і пакрылі двума пластамі рэстаўрацыйнай тынкоўкі.
Страхоўкі з насцілам дазволілі працаваць усярэдзіне купала рэстаўратарам. У жніўні 2022-га і траўні 2023 года яны ачысцілі яго ад сажы, якая поўнасцю пакрыла яго падчас пажару, і старога пабелу, пад якім выявілі роспіс.
Роспіс слаба прасочваецца, але відаць, што ў ніжняй частцы купала намаляваная архітэктурная дэкарацыя з ілюзорнымі аздобамі дахавых акенцаў, а ў верхняй частцы захавалася кампазіцыя, на якой анёл кагосьці суцяшае, прыціснуўшы да сябе.
Дакладна невядома, калі былі пабеленыя скляпенні і купал, але здымкі пачатку XX стагоддзі фіксуюць іх ужо без роспісаў. Пры гэтым на сценах касцёла захаваўся ўнікальны комплекс “аптычных” алтароў без наступнага аздаблення.
Дарэчы, Будслаўскі касцёл славіцца не толькі ілюзорнымі роспісамі, але і драўляным алтаром у старой частцы касцёла, дэталі якога памяншаюцца ў глыбіню, ствараючы фальшывы далягляд, быццам невялікае памяшканне цягнецца далёка ўглыб. Усе гэтыя падманкі выйшлі з рэнесанснай і барочнай архітэктуры Італіі.
Існаванне роспісаў у купале пацвердзіў інвентар касцёла 1822 года: «Пасярод касцёла купал, вынесены пад дах, увесь у шэрым колеры з выявай Ушэсця Маці Божай у асяроддзі анёлаў. Ніжэй, па кутах гэтага купала [на ветразях] — чатыры евангелісты з сімваламі». Менавіта аднаго з такіх анёлаў і выявілі рэстаўратары.
Будаўнічыя працы ў інтэр'еры былі закончаныя ў 1781 годзе. У 1782 годзе заключаны і, як можна меркаваць з тэксце хронікі, рэалізаваны кантракт з Казімірам Анташэўскім, прыдворным мастаком мсціслаўскага кашталяна Лапацінскага, на роспіс аптычных алтароў — гэта значыць алтароў, якія імітуюць архітэктуру. Анташэўскі выканаў галоўны алтар, а таксама бакавыя алтары Св. Францішка, укрыжаванага Ісуса, Св. Антонія і Св. Ганны, Св. Барбары, Св. Язэпа і Св. Тадэвуша.
Анташэўскі таксама распісаў касцёл Святога Тадэвуша Апостала ў Лучаі, які знаходзіцца непадалёк ад Будслава, дзе мастак стварыў яшчэ пяць аптычных алтароў. Пазней, відаць, ён перабраўся ў Менск, дзе, калі верыць вядомаму нарысу Уладзіслава Сыракомлі, стаў найлепшым мастаком у горадзе і распісаў усе інтэр'еры архікафедры.
У Будслаўскім касцёле, магчыма, працаваў яшчэ адзін мастак, прынамсі, некаторыя роспісы моцна адрозніваюцца ад работ Анташэўскага, бо выкананы ў тэхніцы грызайль (гэта значыць адценнямі аднаго колеру). Гэтыя роспісы былі выкананыя ў 1801 годзе, але імя майстра ў хроніцы не запісана.
Да раскрыцця роспісаў на купале мастацтвазнаўцы, грунтуючыся на апісаннях, залічвалі іх да пэндзля Анташэўскага, але зараз, калі яны зноў адкрытыя, атрыбуцыя можа быць змененая. Зрэшты, нягледзячы на раскрыццё, роспісы сёння амаль не чытаюцца і патрабуюць далейшых рэстаўрацыйных работ.