Экс-прэм'ер Малайзіі раскрыў просты сакрэт даўгалецця
9- 13.12.2024, 17:58
- 5,154
Налета яму споўніцца 100 гадоў.
Былы прэм'ер-міністр Малайзіі Махатхір Махамад, якому налета споўніцца 100 гадоў, падзяліўся сваім галоўным сакрэтам даўгалецця.
Як піша Business Insider, Махатхір упершыню быў прэм'ер-міністрам Малайзіі з 1981 да 2003 года. У 2018 годзе, ва ўзросце 92 гадоў, ён быў зноў абраны прэм'ер-міністрам краіны – хоць пайшоў у адстаўку крыху менш як праз два гады. Падчас свайго другога тэрміну на пасадзе прэм'ер-міністра Малайзіі Махатхір лічыўся адным з найстарэйшых абраных сусветных лідараў.
Галоўным сваім сакрэтам даўгалецця Махатхір называе памяркоўнасць.
«Я не ем занадта шмат. Атлусценне не спрыяе выжыванню», – сказаў Махатхір у інтэрв'ю Nikkei Asia.
Ён таксама падкрэсліў, што «ўзрост не ідзе за часам, узрост ідзе за фізічным здароўем».
«Старасць надыходзіць не праз час; вы становіцеся старым не таму, што вам 60. Вам можа быць 90, але калі людзі ў 90 гадоў усё яшчэ моцныя, усё яшчэ здольныя працаваць і функцыянаваць, то 90 гадоў – гэта не старасць», – сказаў ён.
Ён таксама падкрэсліў важнасць досведу, таму, паводле ягоных словаў, грамадства павінна старацца ўтрымліваць пажылых супрацоўнікаў.
«Калі вы захаваеце пажылых людзей у працоўнай сіле і дазволіце ім прадаўжаць працаваць, а не выходзіць на пенсію вельмі рана, вы зможаце атрымаць карысць з іх досведу», – сказаў Махатхір.