15 снежня 2024, Нядзеля, 14:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стала вядома, што робяць войскі РФ у Сірыі пасля перамогі паўстанцаў

Стала вядома, што робяць войскі РФ у Сірыі пасля перамогі паўстанцаў

Калону расейскіх вайсковых машын заўважылі недалёка ад уезду на авіябазу Хмеймім.

Расея пачала адвод войскаў з былой лініі фронту на поўначы Сірыі і з пастоў у гарах Джабаль ан-Нусарыя пад пільным кантролем паўстанцаў. У той жа час, расейцы пакуль не пакідаюць дзве свае асноўныя базы на ўзбярэжжы Міжземнага мора, паведамілі агенцтва Reuters і брытанскі тэлеканал Sky News.

«На гэты момант нам вядома толькі тое, што расейскія канвоі пакідаюць базы па ўсёй Сірыі і накіроўваюцца да ўзбярэжжа Міжземнага мора», – паведаміў брытанскі журналіст тэлеканала Sky News Сцюарт Рамзі.

«На пыльнай дарозе недалёка ад галоўнага расейскага ўезду на авіябазу Хмеймім каля Латакіі я ўбачыў калону расейскіх вайсковых машын… Гэта былі баявыя браняваныя машыны, бронетранспарцёры, браняваныя паліцэйскія грузавікі і грузавікі забеспячэння, некаторыя з якіх былі пазначаныя літарай «Z», - распавёў журналіст.

На гэты момант пытанне прысутнасці расейцаў у Сірыі, якія ўдзельнічалі ў грамадзянскай вайне на баку зрынутага Башара Асада, застаецца адкрытым. У Расеі ў Сірыі ёсць дзве вайсковыя базы ў правінцыі Латакія - авіябаза Хмеймім і вайскова-марская ў Тартусе.

На спадарожнікавых кадрах, зробленых у пятніцу, відаць, як мінімум два самалёты Ан-124, адны з найбуйнейшых у свеце грузавых лайнераў, знаходзіліся на авіябазе Хмеймім, відаць, рыхтуючыся да пагрузкі. Прынамсі, адна з гэтых машын вылецела ў Лібію ў суботу, паведаміў агенцтву Reuters прадстаўнік сірыйскіх улад, адказных за нагляд за базай.

Паводле інфармацыі сірыйскіх крыніц, Расея выводзіць частку цяжкай тэхнікі і афіцэраў, але пакідаць базы пакуль не плануе. Мэтай з'яўляецца перагрупоўка сіл у адказ на перамогу паўстанцаў у краіне.

Сірыйскія паўстанцы кантралююць пад'езды да расейскіх баз.

Аднак у сераду брытанскі тэлеканал BBC паведаміў, што некалькі вайсковых караблёў пакінулі расейскую вайскова-марскую базу ў Тартусе.

Гэтая база была створаная на аснове пагаднення, падпісанага Савецкім Саюзам з тагачасным лідарам Сірыі Хафезам Асадам (бацькам Башара Асада) у 1971 годзе - падчас Халоднай вайны, калі ВМФ СССР быў вымушаны пакінуць свае базы ў Егіпце.

Пакуль ніякіх перамоў?

Высокапастаўлены чыноўнік, блізкі да новага часовага ўрада ў Сірыі, паведаміў Reuters, што пытанне прысутнасці расейскіх войскаў у Сірыі і папярэдніх пагадненняў паміж урадам Асада і Расеяй цяпер не абмяркоўваецца.

«Гэта пытанне будучых перамоў, і канчатковая пастанова застанецца за сірыйскім народам, - сказаў чыноўнік. — Нашы сілы зараз таксама знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад расейскіх баз у Латакіі».

Тым часам Крэмль у апошнія дні абвясціў, што Расея ўсё ж вядзе перамовы з новымі сірыйскімі ўладамі наконт баз.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках