Bloomberg: Стратэгія Пуціна вісіць на валаску
- 15.12.2024, 13:03
- 5,856
Крэмль тэрмінова шукае «план Б».
Рэжым дыктатара Башара Асада абрынуўся пасля паўстання ў Сірыі. Расейскі кантынгент быў вымушаны ўцякаць з краіны, а ключавая авіябаза Хмеймім, якая неабходная расейцам для ўплыву на Афрыку, апынулася пад пагрозай.
Пра гэта распавялі журналісты агенцтва Bloomberg Сайман Маркс і Катарына Хае, заўважыўшы, што менавіта з гэтай базы расейцы адпраўляюць вайскоўцаў і грузы ў Малі, Буркіна-Фасо і Нігер. Так ім некалі ўдалося аднавіць свой уплыў, прынамсі, у ЦАР і Судане.
Паколькі авіябаза ў небяспецы, зараз акупантам можа спатрэбіцца перабудаваць усю сістэму, якая падтрымлівала іх аперацыі на афрыканскім кантыненце. На спадарожнікавых здымках кампаніі Maxar бачна, што расейскія самалёты, верталёты і абсталяванне застаюцца ў Хмейміме. Зрэшты большасць караблёў і два фрэгаты яго пакінулі.
Дырэктар лібійскага аналітычнага цэнтра Інстытут Садэка Анас эль-Гамаці заявіў, што ўся аператыўная стратэгія Расеі ў Міжземнамор'і ды Афрыцы вісіць на валаску. Акупанты маюць яшчэ 4 авіябазы ў Лібіі, але яны размешчаныя занадта далёка для пералётаў у Маскву. Акрамя гэтага ўплываюць абмежаванні паветранай прасторы ў Еўропе.
Расейскія аналітыкі таксама пацвердзілі Bloomberg, што пастаўкі праз Хмеймім асабліва важныя для такой краіны без порта як Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка.
Так званая ўлада Нігера запэўніла журналістаў, што падзенне Асада не зменіць стасункі з Расеяй. Краіна-агрэсарка здольная знайсці іншыя шляхі, напрыклад, праз Турцыю. Анкара дазволіла некаторым расейскім грузавым рэйсам у Лібію пралятаць праз тэрыторыю краіны.
Нягледзячы на гэта, інтарэсы дзяржаў у Афрыцы розныя, таму Уладзіміру Пуціну будзе складана захаваць сваю сетку ўплыву. Падзенне Асада сур'ёзна ўскладніць яго вайсковыя аперацыі на гэтым кантыненце.
Расея знойдзе «план Б», каб захаваць маршруты паставак у Афрыку, напрыклад, будзе выкарыстоўваць Лібію як перавалачны пункт або парты Камеруна або Конга-Браззавіля. Гэта не будзе мець наступстваў для Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, – сказаў дарадца прэзідэнта ЦАР Фідэль Гуанджыка.
Расея таксама адыгрывае ключавую ролю ў 20-месячнай грамадзянскай вайне ў Судане, нядаўна падтрымаўшы нацыянальнае войска ў яго барацьбе з паўстанцамі. Яна працягвае намагаць на стварэнні базы на ўзбярэжжы Чырвонага мора - сваёй даўняй мары, якая тэарэтычна пашырыла б лагістычную сетку расейцаў.
Расеі давядзецца скараціць сваю прысутнасць у Афрыцы, і гэта будзе нашмат даражэй, - сказаў аналітык Ульф Лесінг.
Дарэчы, заходнія СМІ пісалі аб тым, што краіна-агрэсарка ўгаворвае сірыйскіх паўстанцаў захаваць іх вайсковыя базы. Перамовы пачаліся пасля падзення рэжыму Асада, расейцам вельмі патрэбная авіябаза Хмеймім і вайскова-марская ў Тартусе.