Сірыйскія паўстанцы заявілі аб эвакуацыі расейскіх войск з Дамаска
- 16.12.2024, 9:59
- 4,804
Яны пайшлі на базу Хмеймім.
Расея за апошнія дні вывела не менш за 400 вайскоўцаў з раёна Дамаска і перакінула гэтыя сілы на авіябазу Хмеймім, паведаміў Financial Times (FT) чалец палітбюро групоўкі "Хаят Тахрыр аш-Шам" (ХТШ) Камаль Лабабідзі, якая прыйшла да ўлады.
Паводле ягоных слоў, вывад войскаў адбываўся ў каардынацыі з новымі ўладамі Сірыі. Размова ідзе аб расейскіх вайскоўцах, якія раней размяшчаліся ў штабе Чацвёртай дывізіі сірыйскай арміі ў Кудсаі, прадмесці Дамаска. Таксама былі перакінутыя вайскоўцы, якія неслі службу пры пасольстве Расеі ў Дамаску.
На відэазапісе, з якім азнаёмілася FT, бачна калона амаль са 100 вайсковых аўтамабіляў, сярод якіх бронетранспарцёры, цягачы, аўтацыстэрны з палівам і мабільныя медыцынскія падраздзяленні. Як сцвярджае Лабабідзі, з базы Хмеймім вайскоўцаў самалётамі даставілі ў Рас6ю. Паводле ягоных слоў, на гэты момант у гатэлі Four Seasons у Дамаску, які стаў фактычнай штаб-кватэрай паўстанцаў, якія захапілі ўладу ў Сірыі, працягваюцца перамовы аб эвакуацыі расейскіх вайскоўцаў з іншых раёнаў краіны.