«Лукашэнка ахоплены жахам»
9- 16.12.2024, 11:48
- 12,322
Дыктатар разумее, што Расея не прыйдзе на дапамогу.
На нядаўняй сустрэчы ў Барысаве Лукашэнка раптоўна загаварыў пра расейскую ядзерную зброю ў Беларусі. І стаў пагражаць яе выкарыстаннем. Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна мяркуе, што ў дыктатары гаворыць страх:
- Даўно падазравала, што Лукашэнка сядзіць на транквілізатарах, але гэтым разам ён відавочна перавысіў дозу. Дыктатар расказваў, што на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца сотні ядзерных ракет, што ў кожны момант ён гатовы імі ўдарыць, што ён будзе сам наводзіць іх на цэлі, таму што дамовіўся з Пуціным, потым яны будуць удваіх націскаць на «чырвоную кнопку».
Я размаўляла са спецыялістамі, якія працавалі над праграмай ядзернага раззбраення Беларусі, яны сцвярджаюць, што ў краіне ніякіх ядзерных ракет няма. З вельмі простай прычыны - іх няма дзе захоўваць. Сховішчы, якія існавалі ў савецкі час для ракет з ядзернымі боегалоўкамі, знішчаныя. Сёння Лукашэнку іх проста няма дзе захоўваць, хіба што ў кароўніках.
Не выключаю, што гэтыя сховішчы могуць будавацца зараз, але на гэта патрэбны час і вялізныя рэсурсы, якіх у дыктатуры сёння няма. Яны заканчваюцца, а Пуцін не ў стане сёння спансаваць свайго старога ўтрыманца.
Лукашэнка ахоплены страхам, ахоплены жахам, таму што ў Сірыі абрынуўся рэжым ягонага сябра Асада. Чалавек траўмаваны. Колькіх сяброў ён ужо страціў? Дыктатар Ірака Садам Хусэйн быў павешаны, Слабадан Мілошавіч, сербскі дыктатар, памёр у турме, Муамар Кадафі ўвогуле быў забіты паўсталым народам Лібіі. А тут яшчэ і сябар Башар Асад змушаны ўцякаць у Маскву.
Лукашэнка ў вялізным стрэсе, баіцца за сваю ўладу. Дыктатар выдатна разумее, што Расея пацярпела поўную паразу ў Сірыі. Ён разумее лепш за нас з вамі, што рэсурсаў у РФ не так ужо шмат, і яны ў яе заканчваюцца, у тым ліку - на вайну, якую яна сёння вядзе з Украінай. І тым больш у яе не так шмат засталося рэсурсаў для дыктатуры Лукашэнкі ў Беларусі.