Міністр абароны Расеі даручыў рыхтаваць войска да вайны з NАТО
23- 16.12.2024, 15:40
- 10,444
У Крамлі спалохаліся войскаў Альянсу ў Еўропе.
Расея павінна быць гатовая да магчымага ваеннага канфлікту з NATO ў Еўропе "ў найбліжэйшае дзесяцігоддзе", заявіў кіраўнік Мінабароны РФ Андрэй Белавусаў. Паводле ягоных слоў, аб магчымасці сутыкнення з Паўночнаатлантычным альянсам гавораць апошнія пастановы, якія былі прыняты вайсковым блокам. "Таксама гэта знаходзіць адлюстраванне ў дактрынальных дакументах ЗША і іншых краін NATO", – сказаў Белавусаў на пашыраным пасяджэнні калегіі Мінабароны РФ.
Перад вайскоўцамі таксама выступіў Пуцін, які заявіў, што краіны NATO павялічваюць вайсковыя выдаткі, а колькасць амерыканскіх вайскоўцаў у Еўропе перавысіла 100 тысяч чалавек. "Паблізу расейскіх межаў фармуюцца і збіваюцца ўдарныя групоўкі войскаў альянсу", — зазначыў Пуцін. Паводле ягоных слоў, памкненні NATO даўно выйшлі за межы "зоны гістарычнай адказнасці" альянсу. “Акрамя так званага ўсходняга флангу, альянс нарошчвае сваю прысутнасць у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. З падачы ЗША фармуюцца новыя ваенна-палітычныя саюзы, якія падрываюць архітэктуру бяспекі, якая склалася дзесяцігоддзямі”, - сказаў Пуцін.
Ён таксама адзначыў, што ЗША ствараюць і рыхтуюць да размяшчэння ў перадавых зонах ракеты з далёкасцю стральбы да 5500 км, "пры гэтым ужо адпрацоўваюцца перакідванне і разгортванне гэтых ракетных сістэм у Еўропе і ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне". Пуцін нагадаў, што гэтыя дзеянні забараняюцца Дамовай аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД), падпісаны ЗША і СССР у 1987 годзе. "Мы неаднаразова заяўлялі, што разрыў гэтай дамовы прывядзе да негатыўных наступстваў для ўсёй глабальнай бяспекі", – сказаў Пуцін і паабяцаў, што, калі ЗША пачнуць разгортваць такія сістэмы, то Расея здыме з сябе добраахвотныя абмежаванні і адкажа тым жа самым.