Асад зрабіў першую заяву пасля ўцёкаў з Сірыі
20- 16.12.2024, 16:37
- 15,750
Дыктатар прызнаў, што дзейнічаў «у каардынацыі з расейскімі хаўруснікамі».
Канцылярыя былога сірыйскага дыктатара Башара Асада апублікавала заяву ад ягонага імя. У ёй сказана, што Асад нібыта заставаўся ў Дамаску раніцай 8 снежня і пакінуў краіну толькі ўвечары таго ж дня.
Там таксама заяўляюць, што ягоны ад'езд з Сірыі «не быў запланаваны».
Пасля ўступлення паўстанцаў у Дамаск, Асад «у каардынацыі з расейскімі хаўруснікамі» перабраўся ў Латакію для назірання за баявымі аперацыямі.
«Па прыбыцці на авіябазу Хмеймім у тую раніцу стала зразумела, што нашы сілы цалкам адышлі з усіх баявых рубяжоў, а апошнія вайсковыя пазіцыі палі. <...> Паколькі пакінуць базу было немагчыма, Масква звярнулася да камандавання базы з просьбай арганізаваць неадкладную эвакуацыю ў Расею ўвечары ў нядзелю, 8 снежня», - гаворыцца ў заяве.
У заяве прыведзеныя і словы самога Асада, які сцвярджае, што падчас гэтых падзей ён «ні разу не думаў аб тым, каб пайсці ў адстаўку або шукаць прытулак» і не атрымліваў адпаведных прапаноў.