Дванаццаць краін будуць разам змагацца з ценявым флотам РФ
1- 17.12.2024, 12:30
- 1,928
Сярод іх - і тры дзяржавы Балтыі.
Дванаццаць еўрапейскіх дзяржаў - Нямеччына, Вялікабрытанія, Польшча, Нідэрланды, пяць краін Паўночнай Еўропы і тры краіны Балтыі - дамовіліся разам супрацьдзейнічаць ценявому флоту, з дапамогай якога Расея экспартуе нафту ў абыход устаноўленай G7 цэнавай столі. Пра гэта гаворыцца ў супольнай заяве.
Са слоў эстонскага прэм'ер-міністра Крыстэна Міхала, расейскі ценявы флот нясе пагрозу для бяспекі, эканомікі і навакольнага асяроддзя Еўропы. «Тыя, хто выбірае дзеянні ў цені, павінныя быць гатовыя да наступстваў. Мы робім скаардынаваныя крокі, каб стрымліваць ценявы флот Расеі і прадухіляць спробы абыходу санкцый», - заявіў Міхала.
У заяве, якая была прынятая падчас сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Аб'яднаных экспедыцыйных сіл (Joint Expeditionary Force) у Таліне, гаворыцца, што шэсць краін - Вялікабрытанія, Данія, Швэцыя, Польшча, Фінляндыя і Эстонія - зараз будуць правяраць страхавыя дакументы падазроных суднаў, якія ідуць праз праліў Ла-Манш, Дацкія пралівы, а таксама Фінскі заліў. Сабраная інфармацыя, у тым ліку аб суднах, якія адмовяцца адказваць на запыты, будзе аналізавацца супольна з міжнароднымі партнёрамі.
З дапамогай гэтых мер дванаццаць краін разлічваюць не толькі абмежаваць даходы РФ ад экспарту энерганосьбітаў, якія дазваляюць ёй весці вайну ва Украіне, але і павысіць экалагічную бяспеку рэгіёна. Эколагі ўстанавілі, што амаль 200 танкераў "нафтавага флоту" састарэлі і павінны быць выведзеныя з эксплуатацыі. У апошнія гады яны сталі прычынай некалькіх разліваў нафты.
Санкцыі супраць ценявога флоту РФ увайшлі ў 15-ы пакет ЕЗ
16 снежня міністры замежных спраў краін Еўразвязу зацвердзілі 15-ы пакет санкцый супраць Расеі за яе агрэсіўную вайну супраць Украіны. У тым ліку абмежаванні былі ўведзеныя супраць 52 судоў з трэціх краін, якія ўваходзяць у ценявы флот РФ. Тым самым агульная колькасць суднаў пад санкцыямі ЕЗ дасягнула 79. Ім забаронена ўваходзіць у парты ЕЗ і атрымліваць паслугі ад еўрапейскіх кампаній. Еўразвяз таксама ўвёў санкцыі супраць расейскіх абаронных і суднаходных кампаній, якія адказваюць за транспартаванне сырой нафты і нафтапрадуктаў марскім шляхам.
Акрамя таго, у лістападзе ўрад Вялікабрытаніі ўнёс у санкцыйны спіс яшчэ 30 суднаў, якія з'яўляюцца часткай ценявога флоту Расеі, тым самым пашырыўшы іх колькасць да 73.
Цэнавая столь была ўведзеная краінамі "вялікай сямёркі" адначасова з нафтавым эмбарга ЕЗ у снежні 2022 года, каб не дапусціць продаж рас5йскай нафты коштамі вышэйшымі за 60 даляраў за барэль на іншых рынках. Заходнім страхавым кампаніям забаронена страхаваць танкеры, калі яны перавозяць нафту для продажу коштам вышэйшым за ўстаноўленую столю. Для абыходу гэтых абмежаванняў РФ стварыла ценявы флот.