«13-я пенсія! У мяне ажно вочы на лоб палезлі»
12- 17.12.2024, 15:05
- 6,368
Як адрозніваецца жыццё пенсіянераў у Польшчы і Беларусі.
Чытачка сайта Charter97.org распавяла пра паездку да дачкі ў Варшаву:
- Як толькі я прыехала ў сталіцу Польшчы, дачка купіла мне праязны білет сіньёры. За 50 злотых (дзесьці 60 беларускіх рублёў) я атрымала квіток на цэлы год на ўсе тыпы транспарту. Я, пенсіянерка з Беларусі, змагла атрымаць тут ільготны праезд. Ажно ад здзіўлення вочы на лоб у мяне палезлі, бо неяк мне не верылася, што замежны пенсіянер можа скарыстацца льготай. А калі б мне было 70, то праязны дакумент я б атрымала ўвогуле задарма!
У Менску ж у пенсіянераў наогул адабралі льготы! Маўляў, старычына, сядзі дома, няма чаго швэндацца. Або вядзі здаровы лад жыцця і перасоўвайся на сваіх дзвюх.
Далей — болей. Высветлілася, што польскія пенсіянеры маюць 13-ю пенсію! Чула я пра 13-ы заробак, які бяруць пэўныя катэгорыя грамадзян у Беларусі, ведама ж, не настаўнікі, можа, на якіх фабрыках. А вось 13-я пенсія беларусам можа толькі ў сне прымроіцца.
Ну і яшчэ адна рэч, якая мяне дужа ўразіла – гэта датацыя на лекі. Калі ты маеш хранічныя захворванні, то за лекі плаціш невялічкую частку ад іх цаны, а некаторыя выдаюць з рэцэптам і задарма. Такое беларускаму пенсіянеру нават уявіць цяжка.
А якія льготы маюць беларускія пенсіянеры? Пакорпалася я ў сваё галаве, ды прыгадала, што могуць нашы пенсіянеры на гароды ехаць электравіком за паўцаны, каб там стаяць усё лета ракам на градах. Бо з такімі мізэрнымі пенсіямі садавіны-гародніны не дакупішся.