СБУ заявіла аб выкрыцці найбуйнейшай агентурнай сеткі РФ
9- 17.12.2024, 19:49
- 8,714
Імаверныя шпіёны палявалі на F-16 ва Украіне.
Ваенныя контрразведчыкі Службы бяспекі Украіны затрымалі 12 падазраваных у агентурнай працы на галоўную ўправу Генеральнага штаба РФ, вядомую як ГРУ. Аб гэтым 17 снежня паведаміла прэс-служба СБУ ў Telegram.
Магчымыя шпіёны палявалі на агнявыя пазіцыі ўкраінскай супрацьпаветранай абароны і «сакрэтныя вайсковыя аэрадромы», на якіх, паводле версіі расейцаў, маглі размяшчацца знішчальнікі F-16.
Паводле інфармацыі ўкраінскай спецслужбы, падазраваныя ў шпіянажы дзейнічалі ў Запарожжы, Харкаўскай, Сумскай, Мікалаеўскай і Адэскай абласцях асобна адзін ад аднаго, а выведзвесткі, магчыма, перадавалі рэзідэнту агентурнай групы, які знаходзіўся ў Днепрапятроўскай вобласці
«Для канспірацыі ён выкарыстоўваў падробленыя «дакументы прыкрыцця», накшталт несапраўднага «пасведчання валанцёра» і «актывіста-антыкарупцыянера». [...] Асобнай задачай варожай агентуры было ўстанаўленне адрасоў кампаній, уцягнутых у вытворчасць сродкаў радыёэлектроннай барацьбы супраць расейскіх дронаў», - распавялі ў СБУ.
СБУ, акрамя 12 імаверных расейскіх агентаў, выкрыла і падазраваных у інфарматарстве - частка з іх з'яўляецца дэзерцірамі, якія самавольна пакінулі падраздзяленні УСУ, а пасля іх завербавала расейская спецслужба.
«Ваенная контрразведка Службы бяспекі загадзя выкрыла ўсю варожую ячэйку, затрымала арганізатара і паведаміла аб падазрэнні яго ключавым суўдзельнікам. Разглядаецца пытанне аб абвяшчэнні падазрэння іншым удзельнікам сеткі», – гаворыцца ў паведамленні.
Следчыя СБУ паведамілі затрыманым аб падазрэнні паводле ч.2 арт.111 Крымінальнага кодэкса Украіны (дзяржаўная здрада ва ўмовах ваеннага становішча) і ч.2 арт.114-2 КК (несанкцыянаванае распаўсюджванне інфармацыі аб перамяшчэнні, руху або размяшчэнні УСУ).
Фігурантам можа пагражаць ад васьмі гадоў турмы да пажыццёвага зняволення з канфіскацыяй маёмасці.
Фигурантам может грозить от восьми лет тюрьмы до пожизненного заключения с конфискацией имущества.