Туск заклікаў спыніць спекуляцыі пра магчымую паразу Украіны
1- 17.12.2024, 21:18
- 2,944
Прэм'ер Польшчы прыехаў у Львоў.
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заклікаў заходнія краіны актыўна падтрымліваць Украіну ў дасягненні справядлівага міру, падкрэсліўшы, што не варта спекуляваць на тэме «магчымай паразы» Украіны.
Пра гэта ён заявіў у аўторак, 17 снежня, на прэс-канферэнцыі ў Львове разам з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, паведамляе РАР.
«Перастаньце спекуляваць з любой сталіцы свету пра магчымую паразу Украіны, гэта не мае нічога агульнага з фактамі», – падкрэсліў Туск. Ён дадаў, што Украіна паспяхова абараняецца ад расейскага нападу, «насуперак некаторым нягоднікам».
Палітык таксама заявіў, што міру можна дасягнуць толькі пры ўмове, што ён будзе справядлівым. Паводле ягоных словаў, гэтага можна дасягнуць, калі заходнія краіны аб'яднаюць свае намаганні і сканцэнтруюцца на агульнай мэце.
«Цяпер настаў час для ўсяго Захаду паверыць ва ўласную сілу і такую здольнасць пераканаць усіх гульцоў гэтай вялікай гульні, што Украіна і ўвесь свет заслугоўваюць справядлівага міру, павагі да тэрыторыі і межаў», – дадаў ён.
Прэм'ер адзначыў, што наперадзе хаўруснікаў чакае важная барацьба за будучыню Украіны, Польшчы і Еўропы, і менавіта таму ён звярнуўся да лідараў заходняга свету з заклікам да адважных дзеянняў.
«Мы ўсе, без выключэння, павінны падтрымаць Украіну ў гэты час больш, чым калі-небудзь раней, дзеля міру, якога мы ўсе чакаем – ніхто не хоча міру больш, чым Украіна, мы гэта ведаем; і ў ЕЗ ніхто не хоча міру больш, чым Польшча, з падобных прычынаў», – падкрэсліў Туск.
17 снежня Туск прыбыў у Львоў з працоўным візітам. Сярод іншага, ён правёў сустрэчу з Зяленскім.
9 лістапада адміністрацыя прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды паведаміла, што Польшча займае першае месца сярод краінаў, якія вылучаюць дапамогу Украіне паводле аб'ёму ВУП – амаль 5%.