Памёр «дэпутат незалежнасці» Мікалай Крыжаноўскі
4- 18.12.2024, 9:43
- 7,768
Ён быў удзельнікам галадоўкі ў Вярхоўным Савеце ў адказ на незаконны "рэферэндум" Лукашэнкі.
Памёр дэпутат Вярхоўнага савета 12-га склікання Мікалай Крыжаноўскі, паведаміў у Facebook кіраўнік Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк.
«17 снежня не стала Мікалая Кірылавіча Крыжаноўскага – Дэпутата Незалежнасці, моцнага беларуса, шчыра адданага Бацькаўшчыне-Беларусі. Мне пашчаслівілася спатыкаць у жыцці шмат чэсных, разумных, сумленных і справядлівых людзей у вышэйшым сэнсе гэтых слоў. Мікалай Кірылавіч быў адным з іх. Найвыдатнейшы чалавек», - напісаў Пазняк.
Ён зазначыў, што Крыжаноўскі з'яўляўся чальцом дэпутацкай апазіцыі БНФ, удзельнічаў у камісіях парламента, пазней працаваў у Кантрольнай палаце Рэспублікі Беларусь, быў чальцом Сойму БНФ і КХП-БНФ, браў удзел у распрацоўцы ўсіх асноўных законаў незалежнасці Беларусі.
«Апошняй нашай агульнай супольнай працай разам з ім і з калектывам аўтараў была «Народная праграма «Вольная Беларусь» (2017 г.) — праект будучай новай Беларусі, які, не сумняваюся, будзе ўвасоблены ў жыцці. Беларусь больш расквітнела, стане вольнай і моцнай. У гэтым таксама застанецца праца і светлы дух Мікалая Кірылавіча. Бывай, сябра. Наша справа не загінула і не загіне ніколі. Вечная памяць», - напісаў Пазняк.
Мікола Крыжаноўскі нарадзіўся 1 сакавіка 1937 года ў Бабруйску. Скончыў Паўночна-Заходні політэхнічны інстытут у Ленінградзе (цяпер Санкт-Пецярбург). У 1990 годзе быў абраны дэпутатам Вярхоўнай Рады. Чалец камісіі ВС у пытаннях развіцця прамысловасці, энергетыкі, транспарту, сувязі і інфарматыкі. Чалец Часовай камісіі ВС у прывілеях. Чалец Канстытуцыйнай Камісіі. Сябра ценявога кабінета (урада) апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, уваходзіў у Камітэт у барацьбе з карупцыяй.
Удзельнічаў у распрацоўцы і прыняцці Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, падрыхтоўцы законапраектаў да пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета 24-25 жніўня 1991 г., на якой была адноўленая незалежнасць Беларусі.
Суаўтар Канцэпцыі пераходу Беларускай ССР на рыначную эканоміку (восень 1990 г.).
Удзельнік галадоўкі 11-12 красавіка 1995 г. у Вярхоўным Савеце, абвешчанай на знак пратэсту супраць незаконна ініцыяванага Лукашэнкам «рэферэндуму» аб ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, ліквідацыі статусу дзяржаўных сімвалаў герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга інтэграцыі з Расеяй і праве прэзідэнта распускаць Вярхоўны Савет.