Чэхія абмежавала расейцаў у атрыманні грамадзянства
10- 18.12.2024, 21:21
- 2,718
Пададзеныя заяўкі будуць замарожаныя.
Палата дэпутатаў парламента Чэхіі ў трэцім канчатковым чытанні прыняла законапраект, які, сярод іншага, моцна абмяжоўвае магчымасць атрымання чэшскага грамадзянства для расейцаў.
Прынятая папраўка прадугледжвае, што грамадзяне Расеі, за шэрагам выключэнняў, не змогуць атрымаць грамадзянства Чэхіі без адмаўлення ад расейскага грамадзянства. Папраўка таксама прадугледжвае поўную замарозку на нявызначаны тэрмін усіх заяваў на наданне чэшскага грамадзянства для расейцаў старэйшых за 15 гадоў, уключаючы і заявы, ужо пададзеныя раней.
Выключэнні зробленыя для асобаў, якія атрымалі ў Чэхіі прытулак, а таксама для тых, хто, на думку ўладаў краіны, уяўляе для яе вялікую каштоўнасць. Магчымыя таксама выключэнні з гуманітарных прычынаў.
Папраўку падтрымалі дэпутаты ад кіроўнай кааліцыі, апазіцыя выступіла супраць.
За апошнія гады грамадзянства Чэхіі атрымалі некалькі тысячаў расейцаў. Для атрымання грамадзянства неабходна было пражыць у краіне больш за 10 гадоў, мець ПМЖ, выконваць заканадаўства, здаць іспыт у чэшскай мове.
Цяпер дакумент выправіцца на разгляд у Сенат. Пасля ўхвалення дакумента ў Сенаце яго накіруюць на подпіс прэзідэнту Чэхіі. Чакаецца, што папраўка пачне дзеянне ў пачатку лютага 2025 года.
Папраўка была ўнесеная ў закон Lex Ukrajina, які прадугледжвае падаўжэнне рэжыму часовай абароны для ўкраінскіх бежанцаў да 2026 года.