«У нас няма кавалка хлеба»: у Менску ўзбунтаваліся працаўнікі камбіната «Сталічны»
102- 10.02.2024, 9:46
- 48,248
Яны не атрымліваюць заробак больш за пяць месяцаў.
У Менску працаўнікі ТАА «Рыбакансервавы камбінат «Сталічны» заявілі, што «больш за пяць месяцаў не атрымліваюць заробак». Яны сабраліся каля прахадной камбіната і запісалі відэа, у якім распавялі пра свае праблемы.
«Больш за пяць месяцаў мы не атрымліваем заробак - верасень, кастрычнік, лістапад, снежань, студзень. Ужо люты - мы не атрымліваем заробак», - сказала адна з работніц.
Са слоў супрацоўнікаў камбіната, «працы няма, з 8-га студзеня - прастоі».
«Мы не працуем, мы не зарабляем, у нас няма кавалка хлеба», – заявілі яны.
Таксама работнікі камбіната сцвярджаюць, што скардзіліся ў пракуратуру і ўжо пісалі ліст Лукашэнку, але вынікаў не было.
«Плаціць квартплату нам няма чым, жыць нам няма за што. У краму я не магу пайсці, бо мне няма за што набыць элементарна нават хлеба. Вось як жыць у гэтай сітуацыі?», - задала пытанне яшчэ адна жанчына.
Хтосьці патлумачыў, што «ходзіць у ламбарды, здае сваё золата», бо «трэба неяк пражыць».
«Пішам заяву на звальненне, але нас не звальняюць і гавораць, што калі мы пойдзем, то нам наогул нічога не выплацяць», — дадалі супрацоўнікі.
У каментарах некаторыя людзі напісалі, што «думалі, ужо такога няма ў Беларусі». Іншыя параілі звярнуцца ў суд. Многія паспачувалі і пакінулі каментар для прасоўвання відэа.